Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Курапатаў вывезьлі дзьве машыны сьпілаваных дрэваў і хмызоў. Афіцыйна гэта «плянавыя працы па добраўпарадкаваньні»


Курапаты пасьля першай хвалі сёлетняга афіцыйнага добраўпарадкаваньня. Травень 2019-га
Курапаты пасьля першай хвалі сёлетняга афіцыйнага добраўпарадкаваньня. Травень 2019-га

У Курапатах 4 траўня работнікі лясгасу секлі дрэвы. Пра гэта паведамілі актывісты, якія пікетавалі рэстаран «Поедем поедим» каля Курапатаў.

Паводле Вячаслава Сіўчыка, працы вяліся ў лесе з боку рэстарацыі, каля пешаходнага пераходу пад МКАД у мікрараён Цна. Алена Талстая бачыла ад 15 да 20 працаўнікоў. Тыя пілавалі дрэвы, рэзалі іх на чуркі і закідалі ў грузавікі.

Дырэктар Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандар Мірановіч у камэнтары Свабодзе сказаў, што ў Курапатах «рабілі тое, што рэгулярна павінны рабіць лесьнікі ў лесе».

«Сьпілоўвалі сухастой і аварыйныя дрэвы, прыбіралі кустоўе. Адзін прычэп вывез дрэвы і адзін — кустоўе. Працы вяліся па ўсім лесе, а ня толькі ў тым месцы каля рэстарацыі, пра якое вы кажаце», — сказаў Мірановіч.

На пытаньне, ці не зьвязаная сёньняшняя праца ягоных падначаленых у Курапатах зь нядаўнім праездам Аляксандра Лукашэнкі па МКАД, Аляксандар Мірановіч адказаў, што гэта былі «выключна плянавыя працы па добраўпарадкаваньні тэрыторыі Курапатаў».

Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць

Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка
Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка

У Курапатах 4 красавіка ​зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.​

Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.

Што такое Курапаты?

Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG