Пад ноч 29 красавіка невядомы паведаміў пра бомбы ў Нацыянальным аэрапорце «Менск», сталічным чыгуначным вакзале і менскім гатэлі Hilton . Як піша Сьледчы камітэт, бомбаў не знайшлі і распачалі справу аб «фальшывым паведамленьні пра небясьпеку».
З пачатку году гэта ўжо 19-я крымінальная справа за «фальшывае паведамленьне пра небясьпеку», адзначае СК. Гэта надзвычай шмат: за цэлы мінулы год такіх паведамленьняў было толькі 23. З 19 сёлетніх «фальшывых мінэраў» ужо выяўленыя 12.
Праваахоўнікі абавязаныя правяраць любое такое паведамленьне, колькі б не было сумневаў у праўдзівасьці зьвестак. Штораз яны вымушаныя перакрываць доступ простых грамадзянаў у месцы, дзе нібыта ёсьць бомба, а сапэры вымушаныя шукаць выбухоўку, пакуль ня будзе поўнай упэўненасьці ў яе адсутнасьці.
За «заведама непраўдзівае паведамленьне пра небясьпеку» крымінальная адказнасьць надыходзіць з 14 гадоў. Паводле ч.1 арт. 340 КК РБ можа пагражаць штраф, арышт, абмежаваньне волі на тэрмін да 3 гадоў або да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Калі ад паведамленьня былі цяжкія наступствы або шкода ў буйным памеры, або калі паведамленьне ладзілася групай асобаў паводле папярэдняй змовы, або калі чалавек рабіў гэта паўторна, паводле ч.2 арт. 340 КК РБ можа пагражаць ад 3 да 7 гадоў турмы.