Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд Гішпаніі спыніў эксгумацыю парэштак Франка


Магіла Франсыска Франка ў Даліне Загіблых
Магіла Франсыска Франка ў Даліне Загіблых

Вярхоўны суд Гішпаніі 4 чэрвеня прыпыніў рашэньне аб эксгумацыі парэштак дыктатара Франсыска Франка, які кіраваў Гішпаніяй да 1975 году. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 5 чэрвеня пастанове суду.

Урад сацыялістаў у Іспаніі ухваліў дэкрэт, які дазваляе эксгумацыю і перапахаваньне парэштак дыктатара Франсыска Франка, 24 жнiўня 2018 году. Гэта было адно з галоўных перадвыбарчых абяцаньняў цяперашняга прэм’ер-міністра Пэдра Санчэса. Гэтае рашэньне было двойчы адобранае парлямэнтам Гішпаніі: у 2017 годзе 198 галасамі «за» пры 140 тых, хто ўстрымаўся, а у 2018 годзе — 172 галасамі «за» пры 164 тых, хто ўстрымаўся, і двума супраць.

Цяпер Франка пахаваны ў Даліне Загіблых, велізарным мэмарыяльным комплексе пад Мадрыдам. Гэта адна з самых супярэчлівых пабудоў Гішпаніі XX стагодзьдзя: пры будаўніцтве выкарыстоўвалася праца зьняволеных, а пасьля адкрыцьця комплексу ў 1959 годзе там былі пахаваныя амаль 34 тысячы ахвяр Грамадзянскай вайны — у асноўным тых, якія ваявалі на баку Франка, а не на баку рэспубліканцаў. Амаль 12 тысяч зь іх і сёньня застаюцца неапазнанымі.

Манумэнт у Даліне Загіблых каля Мадрыду
Манумэнт у Даліне Загіблых каля Мадрыду

Парэшткі Франка ў Даліне Загіблых ляжаць у адмыслова пабудаваным для дыктатара маўзалеі пад алтаром базылікі. Гэты комплекс часта выкарыстоўвалі для сваіх мерапрыемстваў пасьлядоўнікі Франка, сярод якіх шмат нацыяналістаў і нават нацыстаў — нягледзячы на тое, што гэта забараняў рабіць закон аб гістарычнай памяці.

«Гішпанія, як устойлівая эўрапейская дэмакратыя, ня можа дазволіць сабе сымбаляў, якія падзяляюць гішпанцаў», — заявіў прэм’ер Санчэс ў эфіры гішпанскай тэлевізіі. Паводле пляну Санчэса, парэшткі павінны быць перададзеныя сям’і Франка, а калі яны б не запатрабавалі цела, то ўрад маг бы самастойна прыняць указ пра перапахаваньне дыктатара на адных з могілак у Іспаніі. Але працэс зацягнуўся.

Сям’я дыктатара і Нацыянальны фонд Франсыска Франка ўжо 14 разоў аспрэчылі рашэньне аб эксгумацыі ў розных судах (што ў выніку і прывяло да падачы дакумэнтаў у Вярхоўны суд Гішпаніі). Таксама яны вылучылі некалькі ўмоваў перапахаваньня, на якія ўрад сацыялістаў не пагадзіўся: у прыватнасьці яны прасілі перапахаваць дыктатара з вайсковым цырыманіялам у саборы Альмудэна ў цэнтры Мадрыду (фармальна сям’я мела права гэта зрабіць, паколькі ў склепе ў саборы спачываюць парэшткі дачкі дыктатара, якая памерла ў сьнежні 2017 году).

У выніку ўраду Санчэса давялося паехаць у Ватыкан, каб паспрабаваць атрымаць падтрымку Касьцёлу і накласьці вэта на сабор як новае месца пахаваньня.

Прадстаўнікі ўраду заявілі, што пакуль не гатовыя зьмірыцца з паразай і толькі прыпыняць эксгумацыю на некалькі месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG