Культавы выканаўца Элтан Джон і стваральнікі біяграфічнага мастацкага фільму пра яго Rocketman асудзілі рашэньне расейскага дыстрыбутара адносна выдаленьня сцэн з аднаполым сэксам, наркотыкамі і мужчынскімі пацалункамі.
«Мы асуджаем рашэньне пракатчыкаў „прагнуцца“ перад мясцовым заканадаўствам і ажыцьцявіць цэнзуру фільму на расейскім рынку, — гаворыцца ў заяве. — Тое, што з карціны ў Расеі выразаныя некаторыя сцэны, пазбавіла гледачоў магчымасьці ўбачыць гісторыю такой, як яна была задумана. І гэта стала сумным адлюстраваньнем таго, што сьвет, у якім мы жывём, па-ранейшаму падзелены».
Прадстаўнік кампаніі Central Partnership, якая займаецца пракатам фільму ў Расеі, заявіў агенцтву ТАСС, што шэраг сцэн быў выдалены, каб «адпавядаць заканадаўству Расейскай Фэдэрацыі». Што менавіта маецца на ўвазе, ён не патлумачыў. Па ўсёй бачнасьці, гаворка пра закон аб забароне так званай прапаганды гомасэксуалізму. Аднак фільм мае ў Расеі пракатны рэйтынгу 18+, а гэта азначае, што непаўнагадовых на яго дапускаць не павінны.
Амэрыканска-брытанскі фільм Rocketman, які расказвае пра юнацтва Элтана Джона і першых сур’ёзных прарывах у ягонай кар’еры, выходзіць у расейскі пракат 6 чэрвеня.
У Менску пракат пачынаецца 1 чэрвеня ў кінатэатры Silver Screen. Як сказалі Свабодзе ў адміністрацыі ўстановы, гэтая сетка будзе паказваць фільм з выразанымі сцэнамі, як і ў Расеі.