Кіраўніцтва Берасьцейскага аблвыканкама лічыць немэтазгоднай сустрэчу з актывістамі па пытаньнях акумулятарнага завода.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, пра гэта гаворыцца ў пісьмовым адказе ад 28 траўня за подпісам намесьніка старшыні аблвыканкама Генадзя Барысюка.
«Мясцовая ўлада аргумэнтуе адмову ад сустрэчы тым, што на ўсе звароты, якія паступілі ў аблвыканкам, былі дадзены адказы, – сказаў праваабаронца. – Таксама паведамляецца, што пытаньні будаўніцтва акумулятарнага завода знаходзяцца на пастаянным кантролі ў Берасьцейскім аблвыканкаме».
З 2018 года, пасьля пачатку грамадзкай кампаніі супраць акумулятарнага завода, актывісты неаднаразова дамагаліся арганізацыі такой сустрэчы, але пад рознымі падставамі атрымлівалі адмовы.
Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» узьведзены на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Берасьце». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары гораду і раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэньняў пры рэалізацыі праекта.