Цыганы жывуць поруч зь беларусамі 500 гадоў, іх тутэйшая мова пераняла зь беларускай вельмі шмат і тым розьніцца ад іншых цыганскіх дыялектаў. Пра беларусізмы ў цыганскай і цыганізмы ў беларускай, пра цыганскае моўна-культурнае адраджэньне ў Беларусі, пра словы цыганы́ і ромá. Бонус — слоўнічак ветлівасьці.
Сьцісла:
- Чаму Купала ставіў беларусам за ўзор цыганскі народ
- Аснова цыганскай філязофіі жыцьця Romanipen — родная мова
- Беларуска-літоўскія цыганы вымаўляюць цьвёрдыя Ч і Р, мяккае ЦЬ, Ў нескладовае, ужываюць „ці“ і „але“. Гэтым яны адрозьніваюцца ад іншых балтыйскіх цыганоў
- У мове беларускіх цыганоў ёсьць словы вуліца, лазьня, падлога, крыніца ды шмат іншых беларусізмаў
- Беларуская мова ведае слова цыганы 500 гадоў. Яно ўвайшло ў фразэалягізмы (цыганскі дождж), у этнаграфічны кантэкст (Цыган у гурце каляднікаў), у тэрміналёгію
- Кароткае цыганскае нацыянальна-культурнае адраджэньне ў Беларусі было спынена ў 1938 годзе і аднавілася дзякуючы цыганскім асьветнікам і творцам толькі ў канцы 1980-х
- Ці варта замяніць беларускую назву цыганскага народу на ромá? Слова цыганы ня мае адмоўнай афарбоўкі, гэта не ангельскае Gypsy. Дый ромá абазначае ня этнас, а супольнасьць носьбітаў этыкі Romanipen
- Кароткі сьпіс ветлівых выразаў па-цыганску
Памяць ад цыганоў засталася,
Романэ́с — кожны гук яе люб,
Гэтай мове бацькоў цыганяты
Навучаюцца з матчыных губ.
Хай на словы яна небагата,
Захавала пласты даўніны.
Беларускія словы і гукі
У цыганскай гаворцы чутны.
Вальдэмар Калінін. Пераклад Рыгора Барадуліна
Янка Купала ў 1914 годзе, напярэдадні гістарычных катаклізмаў і шанцаў, напісаў праграмны, нацыятворчы артыкул-маніфэст „Ці маем мы права выракацца роднай мовы?“. І паставіў беларусам за прыклад абсалютнай, экзыстэнцыйнай вернасьці сваёй мове цыганскі народ:
...Мова якога-небудзь народу ёсьць і для яго і скіпэтрам, і каронай, яго нічым не апаганенай аздобнасьцяй.
Ёсьць яшчэ народы, у каторых і зроду бадай ці была свая бацькоўшчына, як, напрыклад, цыганы, але мову сваю мелі, маюць, і згіне яна ў іх толькі тады, як зьвяліся бы яны самі на сьвеце, а зводзіцца ж толькі завод якой-небудзь скаціны.
Сам народ можа падпасьці пад чужое сільнейшае ўладарства і часам цэлыя вякі насіць на сабе путы няволі, але ніколі ў заваяваным ці забраным народзе няможна выдзерці яго душы і яго роднага слова.
„Наша ніва“. 17 красавіка 1914 году
Сто гадоў прамінула. А цыганы, згаданыя Купалам, сапраўды не зьвяліся са сьвету й зводзіцца не плянуюць. Бо, акрамя ўсяго іншага, трымаюцца свае мовы.
Паводле перапісу 2009 году, у Беларусі 7079 чалавек залічылі сябе да цыганоў, зь іх 4557 назвалі цыганскую мову роднай і яшчэ 377 вольна ёю валодаюць. Гэта 70%. У 1970 годзе было 77%. Хутчэй за ўсё лічбы заніжаныя, але цыганскую грамаду ў кожнай краіне сьвету статыстычна апісваць цяжка. А родную мову гэтыя людзі зьберагаюць без мас-мэдыя, бяз школы і безь дзяржавы.
Шматгалосы Romanipen і бязмоўныя „драўляныя людзі“
Унікальную здольнасьць заставацца сабой у іншамоўных ды іншаэтнічных асяродзьдзях цыганы маюць дзякуючы Romanipen (або Романіпэ́, або Романія ў розных дыялектах). Гэта вусны кодэкс этыкі, духоўнасьці, культуры, паводзінаў, законаў, які вызначае, як быць цыганом. Неад’емная частка і грунт Romanipen — вернасьць роднай мове.
„Зьберажэньне нашае мовы ў тысячах яе розных дыялектаў і навучаньне ёй наступных пакаленьняў, каб яна ня вымерла, крытычна важнае; гэтае зьберажэньне стану рэчаў, які робіць нас тымі, кім мы ёсьць, — ключавая частка Romanipen“,
— піша мовазнаўца, этноляг, а яшчэ і традыцыйная гойніца (народная лекарка) Наталія Чандані, якая жыве ў Брытаніі. І дадае:
„Вельмі шмат карэнных цыганамоўных сьцьвярджаюць, што калі ты не гаворыш па-цыганску, ты ня можаш быць сапраўдным цыганом ці цыганкай; мы ўжываем слова kashtale, або kàshtune (літаральна „драўляныя“), для характарыстыкі людзей цыганскай крыві, якія ня могуць гаварыць па-цыганску...“
Цыганскія інтэлектуалы і асьветнікі думаюць, як у сытуацыі глябальных інфармацыйных выклікаў і ўсё меншых магчымасьцяў жыць у традыцыйнай ізаляцыі (якая, несумненна, спрыяе зьберажэньню мовы) не дапусьціць ператварэньня свайго народу ў „драўляны“. Думаю, у іх атрымаецца.
Цыганкова ніва
Многія беларусы носяць прозьвішчы, утвораныя ад кораня цыган: Цыгановіч, Цыганок, Цыганкоў, Цыганоўскі; маем назвы вёсак — Цыгань, Цыганоўка, Цыганы, урочышчаў і гідронімаў — Цыганкова ніва, Цыганоў ручай... То бо гэты корань і вытворныя ад яго — неад’емная і пазытыўная частка беларускае мовы.
Беларускіх фразэмаў з словамі цыган, цыганскі — мноства і на розныя нагоды. Бываюць дужа вобразныя: у выразах цыганскае сонца ‘месяц’, цыганскі пот (цыганскія поты) ‘дрыжыкі ад холаду’ скразіць спачуваньне да суседзяў, якія некалі ня мелі цёплых хатаў і начлегу ў іх. Апошні выраз запісаў яшчэ М. Фэдэроўскі на Ваўкавышчыне, але ён вядомы па ўсёй Беларусі. А ў іншай фразэме ад Фэдэроўскага чуваць павага да здаровага ладу жыцьця: Гартоўны як цыганскае дзіця.
Чаму ў часе яснай пагоды ідзе цыганскі дождж — ня ведаю (запісана ў Каленкавічах), але, на маю думку, выраз сакавіцейшы за банальны „сьляпы дождж“. Часам маем цэлы разгорнуты сцэнар: Пайшоў угору (або палез) як цыган па драбінах на неба (Пра некага, хто надта хутка робіць кар’еру; ужываў Колас.).
У фразэмах адбіліся назіраньні за характарам і звычаямі суседзяў: цесна як цыгану на полі — пра вандроўны покліч, мацнейшы за патрэбу ўрабляць зямлю; хваліцца як цыган канём — пра выхваляку і пра талент цыгана-прадаўца як псыхоляга. І яшчэ жменя выразаў, узьніклых за вякі:
Цыган дарогу знае і яшчэ пытае.
Маеш, цыгане, сьведкі? — А як жа — жонку і дзеткі!
Каму што, а цыгану сала.
Цягні, цыган, лёгкае! — І каўбаскі ня цяжкі!
Тут што ні прыказка, то мікрасюжэт з добрым гумарам. Крыўднасьці ў гэтых выразах ня больш, чым у жартоўных ідыёмах пра ўсе магчымыя іншыя этнічныя і тэрытарыяльныя групы: „Мудзер лях па шкодзе“, „На Жмудзі і куры людзі“, „Палешуку то й серп дзіва“, „Папамятаеш з рускі месяц“ (гэта не пра Масковію!), а ўрэшце — „У Менску беражыся, за кішэню дзяржыся“!
У беларускай народнай мове слова цыган мае ў дадатак да асноўнага мноства іншых калярытных значэньняў. Цыганэ́ — каля Шчучына так называлі дружыну маладога на вясельлі. А яшчэ ж Цыган і/ці Цыганка ў складзе каляднага ці валачобнага гурту.
Цыганы — назва розных страваў: кіслы боршч з буракоў (Воранаўскі р-н); бліны з бульбы і сьвіной крыві (Лагойшчына); проста палавінкі варанай бульбы ў мундзюрах (Пастаўшчына) і г. д. Цыганка — гатунак яблыні.
Цыганаваты скажуць пра смуглявага. Слова выцыганіць азначае ‘ўмела і настойліва выпрасіць’. Дарэчы, у слове адлюстравалася асноватворная рыса цыганскай філязофіі — негвалтоўнасьць. А вось аналягаў расейскаму слову цыганить у значэньні ‘зьдзекавацца’ або чэскаму cikánit ‘падманваць’ у беларускай мове няма.
Паўтысячы гадоў поруч
Цыганская мова адзіная ў Эўропе належыць да індыйскай (індаарыйскай) групы індаэўрапейскае сям’і (апошняя ўключае таксама славянскую, германскую, раманскую ды іншыя). Значыць, роднасная і беларускай. Мае падобную да нашае сыстэму склонаў, сугучныя ўсім індаэўрапейскім мовам лічэбнікі і займеньнікі.
За паўтары тысячы гадоў цыганы адолелі шлях з Паўночнага Індастану (некаторыя шукаюць іх прарадзіму ў іншых рэгіёнах) і праз Балканы расьсяліліся па Эўропе. З прычыны вандроўнага характару цыганскай культуры і камунікацыі з навакольнымі народамі на іхных мовах цыганская мова разьдзялілася на мноства дыялектаў і паддыялектаў.
У Беларусь і Літву цыганы ўпершыню прыйшлі праз Польшчу (а там апынуліся ў выніку выгнаньня зь Нямеччыны) не пазьней за канец XV ст. Іншыя пазьней прыходзілі праз Вугоршчыну, у ХХ ст. — з Малдовы; пакуль не было непранікальных дзяржаўных межаў, вольна вандравалі, перамешваліся міжсобку, таму дакладна вызначаць і разьмяжоўваць этнаграфічныя і моўныя групы цыганоў — няпростая задача.
Халадытка ромá і Беларуска ромá
На цяперашняй тэрыторыі беларускай дзяржавы пяць тысяч цыганамоўных; нават калі іх у разы больш, усё адно мізэрная колькасьць носьбітаў мовы. Але яна дзеліцца на некалькі паддыялектаў, мноства гаворак, этнаграфічныя родапляменныя групы. Проста сьвята для палявога дасьледніка — лінгвіста і этнографа.
Паводле спэцыялістаў (Леў Чаранкоў, Вальдэмар Калінін, чыімі працамі я з удзячнасьцю карыстаюся тут найперш), бальшыня цыганоў Беларусі належыць да буйной этнадыялектнай супольнасьці балтыйскіх цыганоў (яны жывуць на ўсходзе Польшчы, у краінах Балтыі, Беларусі, на поўначы Расеі, у Фінляндыі).
Халадытка ромá — цыганы Заходняй Беларусі, Віленшчыны, Падляшша. Іхныя продкі прыйшлі сюды празь Нямеччыну і Польшчу. Назва паходзіць ад халадо ‘салдат, паліцыянт’, яе тлумачаць згодай служыць у войску дзяржавы знаходжаньня. Сярод халадытка бальшыня каталікоў. Пры гэтым уласна польскія „нізінныя“ цыганы часам называюць усіх цыганоў на ўсход ад сябе руска ромá, гэты тэрмін быў сынанімічны халадытка ромá.
Цікава, што з цыганскім прыметнікам руска адбылося тое самае, што з тэрмінам Русь, рускі ў беларускай мове. Цяпер завуцца руска (расейска) ромá цыганы, якія жывуць на ўсход ад смаленскага слупа, які ў 1667 годзе паводле Андрусаўскага замірэньня разьмежаваў Вялікае Княства Літоўскае і Маскоўскую дзяржаву. Сякі Смаленшчыны сябе беларускімі цыганамі не прызнаюць, але ў мове маюць шмат беларусізмаў (напр., іншо ‘іншы’), фрыкатыўны гук [Г] і цьвёрды [Ч].
Цыганы Цэнтральнай і Ўсходняй Беларусі, як сьведчыць В. Калінін, цяпер называюць сябе беларуска ромá (назва паступова пашыраецца на іншых цыганоў Беларусі).
Родавыя імёны цыганоў суадносяцца з моўнымі дыялектамі і паддыялектамі даволі складана. Вальдэмар Калінін вылучае сярод іншых балтыйскіх цыганскіх дыялектаў:
— беларуска-літоўскі (балта-славянскі), якім у Беларусі гавораць бернікі (Бабруйшчына), ліпенцы (Лепель), пінчукі, мінчані, партызаны (колішнія ўцекачы ад нацысцкіх рэпрэсіяў з Латгаліі), фандары, прахітка;
— польска-літоўскі беларускі, якім размаўляюць халадытка ромá Віленшчыны, Горадзеншчыны, Падляшша, бежанцы (водгук вымушанага ўдзелу ў „бежанстве“ падчас 1-й усясьветнай вайны), барысы, балгрукі;
— беларуска-ўкраінскі, якім гавораць гомельцы, сінякі, чарнобыльцы.
Акрамя калярытных назваў, беларускія цыганскія роды і групы розьняцца звычаямі, наборам традыцыйных заняткаў і рамёстваў (сярод творчых эксклюзіваў некалі была і Смаргонская мядзьведжая акадэмія, дарэчы), тэмпэрамэнтам. А нядаўна прышлыя з поўдня кэлдэрары, бывае, маюць звадкі з цыганамі, якія жывуць у Беларусі спрадвеку... Але гэта ўжо не мовазнаўчыя тэмы.
„Беларускія словы і гукі у цыганскай гаворцы чутны“ (В. Калінін)
Усе беларускія цыганы дву- або і шматмоўныя. Двумоўе функцыянальна разьдзеленае: цыганская для сваіх, мова навакольных — для навакольных. Таму родная мова і зьберагаецца ў пакаленьнях. Тым ня менш навакольныя мовы ўплываюць на цыганскія дыялекты на ўсіх моўных роўнях — ад вымаўленьня да будовы сказаў.
У цыганалёгіі доўгі час не адмяжоўвалі дыялект беларускіх цыганоў ад мовы цыганоў паўночнарасейскіх. Адзін з найбольш значных цыганазнаўцаў Расеі, этнограф і лінгвіст Леў Чаранкоў упершыню апісаў моўную адметнасьць беларускіх цыганоў у артыкуле „Цыганскі дыялект у беларускім моўным асяродзьдзі“ („Беларуская лінгвістыка“, вып. 6, 1974):
„Цыганы Беларусі і Літвы (дарэчы, і суседніх з БССР раёнаў усходняй Латвіі — Латгаліі) згодна зь іх уласнай традыцыяй складаюць адзіную групу... Каля 7000 чалавек уваходзяць у склад супольнасьці, якую можна акрэсьліць як „беларуска-літоўскую этна-лінгвістычную групу цыганоў Эўропы“.
Дыялект беларускіх цыганоў мае адметныя (і лёгка пазнавальныя для беларусаў!) рысы фанэтыкі, словаўтварэньня, наагул лексыкі. Вось дзеяслоўная прыстаўка паўторнага дзеяньня, узятая з славянскіх моваў: пера-кер ‘перарабіць’ скажуць беларускія цыганы, пири-кер — паўночнарасейскія, пшэ-кер — у гаворцы пад уплывам польскай. На Віленшчыне ў мове аднаго чалавека можна пачуць сынанімічныя варыянты: знаёмо — знакомо ‘знаёмы’, розно — ружно — разно ‘розны’, нават — дажы.
„Найбольш устойлівыя беларускія лексычныя элемэнты ў беларуска-літоўскіх цыганоў — слова áле/алé (...) і пытальная часьціца ці“, — зьвяртае ўвагу на тутэйшыя цыганскія „шыболеты“ Л. Чаранкоў.
А сярод фанэтычных прыкметаў мовы беларуска-літоўскіх цыганоў — цьвёрдасьць шыпячых [Ч] і [ДЖ]. Беларускія і расейскія цыганы вымаўляюць іх па-рознаму: чэня ‘завушніцы’ — ченя; чхаво ‘хлопец-цыган’ — рас. цыг. чяво. Слова ‘мова’ гучыць як чьхіб у латвійскіх цыганоў, чиб у расейскіх, śib у кэлдэрараў Балканаў, а беларускія цыганы вымаўляюць яго чшыб.
Авёс у беларуска-літоўскіх цыганоў — джоў, а ў расейскіх — джёф: беларускія цыганы ведаюць і пераход канцавога [В] у [Ў] нескладовае. Вальдэмар Калінін выкарыстоўвае ў перакладах Бібліі кірыліцай літару Ў, лацінкай — літару Ŭ (а таксама Č, Š, Ž для шыпячых, як у беларускай лацінцы).
Беларуска-літоўскія цыганы ведаюць дзеканьне-цеканьне: пхэндзём ‘я сказаў/сказала’ — пхэндём у расейскіх цыганоў, усьця ‘ён устаў / яна ўстала’ — устя. А таксама цьвёрды [Р] ды іншыя рысы. Л. Чаранкоў робіць выснову:
„Усе дыфэрэнцыяльныя прызнакі дыялекту цыганоў, што на працягу некалькіх стагодзьдзяў жывуць на тэрыторыі распаўсюджаньня беларускай мовы, абумоўлены або запазычаньнем і наступнай адаптацыяй лінгвістычных зьяў, характэрных для беларускай мовы, або іх узьнікненьнем пад непасрэдным уплывам яе“.
Цыганскія школы ў Беларусі былі
Шматстайнасьць дыялектаў, ды яшчэ калі няма сваёй дзяржавы, не спрыяе адзінай моўнай норме. Цыганскую мову нярэдка называюць бесьпісьмовай, але цяпер гэта ня так (ёсьць і Вікіпэдыя на цыганскай). У ХХ стагодзьдзі ў розных краінах цыганскія асьветныя ініцыятывы імкнуліся да агульнае літаратурнае нормы, у тым ліку ў Савецкім Саюзе ў 1920-я — пачатку 1930-х гадоў, калі было дазволена нацыянальна-культурнае будаўніцтва нерасейскіх народаў.
У БССР было сем школ з выкладаньнем па-цыганску, а таксама пачатковыя школы з цыганскай мовай як прадметам. Выходзіла пэрыёдыка для беларускіх цыганоў. Моўнае будаўніцтва грунтавалася на паўночнарасейскім (маскоўска-цьверскім) цыганскім дыялекце і кірыліцы.
Аднак у 1938 годзе, калі аргбюро ЦК камуністычнай партыі Савецкага Саюзу прыняло пастановы „Аб ліквідацыі нацыянальных школ і аддзяленьняў у школах“ і „Пра абавязковае вывучэньне расейскай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласьцей“, гэтыя ініцыятывы былі спыненыя. Цыганы, як і ўсе „народы СССР“, падпалі пад рэпрэсіі, некаторыя зазналі дэпартацыю. А ў гады Другой усясьветнай вайны нацысты ўчынілі генацыд цыганоў, у тым ліку ў Беларусі.
Адраджэньне справы адукацыі цыганскіх дзяцей на роднай мове надышло толькі ў 1980–1990-я гады. Пісьменьнік і пэдагог Мікалай Саткевіч аднавіў намаганьні ствараць клясы і школы. У Віцебску яго падтрымалі філёляг Вальдэмар (Вальдо) Калінін, паэт Філіп Яновіч (Ромка Леніно), перакладніца Таіса Вайцяхоўская, справа ў маштабах усяе Беларусі пайшла з канца 1980-х, калі ўлады падтрымалі прапанову. Пачалі рыхтаваць слоўнікі, школьныя праграмы і падручнікі, але недастатковы ўлік уладамі спэцыфікі гэтай працы, кансэрватызм грамады, а таксама асабістыя атакі на ініцыятараў не далі справе дайсьці да стабільнага выніку. Аднак многія культурныя ініцыятывы цыганскіх асьветнікаў зьдзейсьніліся і разьвіваюцца.
Беларускія словы зьберагаюць цыганы
Вальдэмар Калінін — адзін зь лідэраў цыганскага асьветніцтва, цыганскі і беларускі паэт, пэдагог, аўтар падручнікаў, перакладнік Бібліі на цыганскую мову, якога маю гонар ведаць асабіста. Маючы лінгвістычную адукацыю, ён вёў палявыя дасьледаваньні мовы цыганоў Беларусі, а ў грунтоўнай кнізе „Загадка балтийских цыган“ (Менск, 2005) фіксуе наступныя лексычныя беларусізмы ў цыганскай мове:
аблога, андарака (ындарака) ‘спадніца’, віхро ‘шторм, віхор, навальніца’, вуліца, клёко ‘клёк, жыцьцёвая сіла’, корча ‘корч’, крама, крыніца, крыха ‘крышку чаго-н.’, лазьня, падлога, памылка, спотка ‘рукавіца’, шкода...
Дадам брылё ‘саламяны брыль’. Гэтыя словы ўжываюць цыганы ня толькі Беларусі і Літвы, але і Латвіі, Эстоніі і нават Фінляндыі. Дапасаваньне цыганоў да моўных традыцыяў навакольнага народу выяўляецца ў іменаваньні людзей. У Караткевічавым апавяданьні „Краіна Цыганія“ чытаем пра Гарася Рапановіча, Гарасіма Базылевіча, Яню Быгоцкую. Нашыя сучасьнікі носяць прозьвішчы Казлоўскі, Марцінкевіч, Юзапчук — афіцыйныя прозьвішчы нашых цыганоў тыпова беларускія.
А што пераняла беларуская мова?
Яшчэ нядаўна цыганы дбалі, каб іхная мова была таямніцай для чужых — ґаджо. Таму лексычных цыганізмаў у беларускай мове няшмат. Беларусы ўжываюць як гутарковае слова цыганізм лавэ (‘грошы’, ловэ́), ведаюць зварот ромалэ (клічны склон ад рома — цыганы). Выраз цыганскі барон — вынік моўнай памылкі. Ён зусім не ад заходнеэўрапейскага шляхоцкага тытулу, лацінізму baro, baronis, а ад сугучнага цыганскага прыметніка baro ‘вялікі, буйны, дужы’, г. зн. ром баро — годны („вялікі“), паважаны ў грамадзе чалавек, а не „мясцовы фэадал“.
У Беларусі вякамі бытавалі таемныя арго некаторых прафэсійных цэхаў. Пэўныя, а нават ключавыя, словы ў іх маюць цыганскае паходжаньне. Так, у сакрэтнай мове карпарацыі слуцкіх жабракоў займеньнік „я“ = манько. Па-цыганску ман- — аснова ўскосных склонаў таго ж займеньніка першай асобы. У сакрэтнай мове дрыбінскіх шапавалаў (катрушніцкі лемезень) слова калурны ‘чорны’ ад цыганскага кало, яўро ‘яйка’ ад цыганскага яро (цяпер у значэньні ‘курынае яйка’ не ўжываецца). Лічэбнікі ў таемных арго дзеля цяжэйшай дэшыфрацыі браліся з розных моваў, у тым ліку з цыганскай: 5 — пянджá, па-цыганску пандж, 8 — ахты́нер, па-цыганску охтó, 4 — сасар, па-цыганску штар.
Чаму Шуневіч сказаў „у цыганóв“?
Скланяйма слова цыган правільна! Мадэль скланеньня як дыван(дыванá, дываны́):
цыганá, цыганом
у множным ліку цыганы́, цыганоў, цыганáм, цыганáмі
(І. Шуневіч сказаў па-расейску „у цыганóв“, відаць, бо так могуць казаць у роднай яму Луганскай вобласьці.)
Паходжаньне яго традыцыйныя этымолягі (напр., Фасмэр) узводзяць да бізантыйска-грэцкага ἀθίγγανος [athínganos], што азначала ці то хрысьціянскую сэкту, ці то нейкіх „недатыкальных“ (хоць у грэкаў не было такога паняцьця) і было ў ХІ стагодзьдзі перанесена на прышлае племя. Але дакумэнтальных пацьверджаньняў такой этымалёгіі няма, яна фанэтычна і сэмантычна небездакорная.
Таму сучасныя лінгвісты вылучаюць альтэрнатыўныя этымалёгіі (напр., ад санскрыцкага слова са значэньнем ‘вандроўнікі’), новыя даведнікі (Duden) кажуць пра „няясную“ этымалёгію. У гэтым выпадку рэканструкцыя моўных працэсаў тысячагадовай даўніны важная, ад яе (няхай трохі ірацыянальна) можа залежаць стаўленьне да слова.
Падобным словам цыганскі народ вякамі называюць у грэцкай, турэцкай, італьянскай, румынскай, нямецкай, францускай, партугальскай, швэдзкай, нарвэскай, усіх славянскіх і балцкіх — геаграфія надзвычай шырокая. Таму этымолягі дапускаюць, што ў гэтыя мовы слова цыганы прыйшло ад саміх цыганоў.
У беларускай мове слова мае гісторыю прынамсі ў паўтысячагодзьдзя, як і сама цыганская супольнасьць (фіксуецца з пачатку XVI ст.). Характэрная цытата зь Літоўскай мэтрыкі:
„Так і цыганы ўсі, ку вайне годныя, будуць павінны да пана гетмана на вайну ехаці і пешы іці“.
Беларускае слова цыганы стылістычна нэўтральнае, гэта тэрмін у этнаграфічнай і лінгвістычнай навуцы, у Беларускай энцыкляпэдыі, ува ўзгодненых з ААН анкетамі перапісу насельніцтва.
Цыганы ці ромá?
Апошнімі гадамі ў суседніх краінах (напрыклад у Польшчы), а часам і ў Беларусі чуваць засьцярогі да слова цыганы (дакладней, да яго адпаведнікаў у іншых мовах — польскай, расейскай). Маўляў, гэта дыскрымінацыйная „мянушка“. Ці сапраўды? Адкуль такая думка? Вось красамоўная цытата з расейскай вэрсіі сайту ААН:
„Слово «цыгане» является экзонимом, присвоенным группам романи в связи с тем, что ошибочно считалось, будто они пришли из Египта“.
Але гэта ж мэханічны пераклад, гугальтрансьлейт, памылковае вызначэньне памылкі. У арыгінале зусім не расейскае слова „цыгане“ (і не бел. цыганы, укр. цигани, польск. cyganie), а слова Gypsy/Gipsy, якое ў ангельскай (і блізкія да яго ў некаторых мовах) ад кораня Egypt. І, сапраўды, у ангельскай моўнай прасторы яно можа гучаць і ўспрымацца крыўдна.
Але беларуская мова не ангельская, слова цыганы ня тоеснае слову Gypsy ці Gipsy. Цыганамі цягам вякоў у Беларусі самі сябе завуць прадстаўнікі гэтага народу, калі гавораць па-беларуску ці па-расейску. Пераносіць на беларускую моўную рэальнасьць стылістычную афарбоўку ангельскага слова лінгвістычна некарэктна.
Што да ўласна слова цыганы, яно таксама не „мянушка“, а нэўтральны экзонім (назва народу на іншых мовах).
Нават калі засьцярогі да гэтай назвы абгрунтаваныя (што, на маю думку, ня тычыцца беларускае мовы), то на якую яе мяняць? Расейскі цыганоляг В. Шапавал нагадвае, што вугорскія закарпацкія цыганы называюць сябе модёру ціганёк, у Малдове гэта лінгурары, у Вугоршчыне бэяшы, у Цэнтральнай Азіі мугат. Адзін зь нямецкіх цыганскіх зьвязаў, Sinti Allianz Deutschland, уважае, што тэрмін рома ў зборным значэньні не забясьпечвае павагі да ўсіх супольнасьцяў цыганскага народу і таму ёсьць дыскрымінацыйным, затое тэрмін Zigeuner лічыць нэўтральным і адпаведным, бо абыймае ўсе супольнасьці, а ня толькі рома і сынці. І беларускае ж слова цыганы стасуецца ўсіх гэтых групаў.
Але больш важна іншае. Ром (rrom, dom, lom, этымолягі выводзяць слова ад doma, назвы вандроўнай супольнасьці ў традыцыйным грамадзтве Кашміру) — назоўнік шматзначны. Гэта і чалавек, і мужчына, і муж, але не абы-які, а „свой“. Г. зн. ром, рома — не звычайны для нас эндонім (этнонім, якім сябе называе сам народ). У беларускай мове маем шэраг-пералік этнонімаў для сябе і іншых народаў: беларус, паляк, грузін, цыган…У цыганскай інакш. Слова ром разумеецца толькі ў проціпастаўленьні слову гаджо — чужак, неістотна якой нацыянальнасьці. Прычым этнічны цыган, які не выконвае кодэксу Romanipen, можа ня мець права звацца ром, а быць гаджо, як і наадварот. На гэтай антаніміі ў вялікай ступені грунтуецца традыцыйная карціна сьвету, сама адметная цывілізацыя цыганскага народу.
Польскія цыганазнаўцы Э. Навіцкая і М. Віткоўскі ў грунтоўным дасьледаваньні „Цыган ці ром? Антрапалягічная інтэрпрэтацыя спрэчкі пра словы“ задаюцца пытаньнем: ці пры ўвядзеньні ў польскую мову слова Romowie замест Cyganie разам зь ім уводзіцца ўпісаная ў яго культурная канцэпцыя „чужака“ — гаджо? Ці не навязваецца самім цыганам звужэньне сэмантыкі слова ром са сьветапогляднага да простай этнічнай саманазвы?
Польскія дасьледнікі апісваюць тыповую сытуацыю, калі нецыганскія этнографы, імкнучыся да „паліткарэктнасьці“, у гутарцы з цыганамі па-польску ўжываюць слова Romowie, romski, а тыя ў адказ спакойна і пасьлядоўна кажуць пра сябе Cyganie, cygański. (Гэта прытым, што ў польскай мове можна знайсьці больш нэгатыўных канатацыяў слова cygan, чым у беларускай).
Грамадзкія аб’яднаньні цыганоў Беларусі маюць у назвах як прыметнік „цыганскі“ (іх большасьць), так і тэрмін „ромскі“, „рома“ (іх два). Найбуйнейшае — ГА „Беларуская цыганская дыяспара“.
Паводле цыганскай мудрасьці
Пашырэньню саманазвы рома ў якасьці экзоніму спрыяе ангельскамоўная інфармацыйная прастора. Але замяніць корань цыган на корань ром у беларускай мове бяз шкоды для апошняй наўрад ці магчыма. І ёсьць важны эмацыйны момант. Кажучы пра цыганоў, мы вядзем гаворку пра сваіх, пра шматвекавых суседзяў беларусаў. Памяняўшы назву супольнасьці, мы, як ні парадаксальна, адчужаем яе. Наагул жа трэба, каб пра становішча цыганоў у Беларусі ішла сур’ёзная двухбаковая гаворка, тэма назвы і саманазвы ў ёй, пэўна, будзе закранацца, але не як найважнейшая.
Дарэчы, з увядзеньнем у актыўны ўжытак у беларускай мове кораня ром- паўстаюць правапісныя і словаўтваральныя пытаньні. У цыганскай назьве супольнасьці націск на канчатку: ромá. У спэцыяльных тэкстах яго можна так і запісваць, але ў масавых публікацыях мусіць быць нарматыўнае напісаньне з аканьнем: рамá? А мова — рамскáя ці ромская? Ня ўсё так проста. Таму лепш не сьпяшацца насьледаваць матрыцы іншых моўных сытуацыяў і выракацца аднае з спрадвечных назваў цыганскага народу — паводле цыганскай мудрасьці:
Сыр на накхарпэ, манушэса ячпэ.
Як ні называйся, чалавекам заставайся.
Падручны слоўнічак
А вось некалькі важных формулаў этыкету:
Добры дзень! — Лачхó дывэ́с!
Вітаю! — Бахталэ́с!
Дзякуй! — Парыкірáў!
Заставайся з Богам! — Ячпэ Дэўлэ́са!
Будзь здароў! — Яў састо!
Будзь здарова! — Яў састы!
(У варыянце вымаўленьня „беларуска-літоўскіх“ цыганоў, падказаў Вальдэмар Калінін.)
І на завяршэньне спокліч, які мусіць гучаць на ўсіх традыцыйных мовах нашых суайчыньнікаў:
Мэк тэ джывэл Беларусь!
Спадзяюся, перакладу ня трэба.