Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я ў дзяцінстве вельмі баяўся цыганоў


На фэсьце цыганскай культуры ў Гомлі, 2018
На фэсьце цыганскай культуры ў Гомлі, 2018

Я ў дзяцінстве вельмі баяўся цыганоў. Яны зьяўляліся ў нашай вёсцы раз або два на год, калі было цёпла. Звычайна ў Налібаках не зачынялі дзьвярэй у хатах, калі ішлі працаваць на поле. Бывае, толькі трэсачку на клямку пакладуць, або дзеркачом падапруць, каб госьць ведаў, што гаспадар недалёка. Зачынялі толькі тады, калі ў вёсцы зьяўляліся цыганы.

Яны прыяжджалі на старых савецкіх машынах, брудных, дабітых, гандлявалі сваімі коўдрамі, ручнікамі і халатамі такіх кіслотных колераў, што вочы сьлязіліся. Нехта зь вёскі званіў тады і казаў, каб зачынялі дзьверы, і так адзін аднаму. Быў страх, што яны зойдуць у хату, абдураць, абдзяруць як ліпку, заварожаць, скрадуць дзіця і г. д. Я, калі іх бачыў праз акно, бег і хутка зачыняў дзьверы на кручок. Яны нахабна грукалі ў вокны, бо выдатна ведалі, што ў хаце нехта ёсьць. Тады бабуля здавалася і адчыняла. Паводзілі яны сябе дзіўна. Як дзіцяці, мне гэта вельмі не падабалася. Нейкая маладуха з цыгарэтай на губе тыкала маёй бабе, якой было ўжо за 70, размаўляла ў нахабнай манеры.

Але на дзіва я не магу ўзгадаць, каб яны ў Налібаках хоць каго падчысьцілі, абдурылі або заваражылі. Забівалі ў нас свае сваіх, пераважна падчас ці пасьля п'янак. Быў выпадак, што зарэзалі. Дык свае. У суседняй вёсцы застрэлілі, дык свае. У іншай бацька сякерай адсек галаву сыну. Свае. Калі кралі, то таксама свае. У нас некалі 100 качаноў капусты скралі з агароду за ноч. Ведаем хто. Свае. Баяліся мы заўсёды найгоршага ад чужых, але на дзіва найгоршае прыходзіла ад сваіх. Пры гэтым я ані разу не пераходзіў на іншы бок вуліцы, калі сустракаў у вёсцы свайго.

Але калі я бачыў у электрычках ці аўтобусе цыганоў, дзе яны жабравалі і крычалі на ўвесь салён, то на ўсялякі выпадак сядаў чым далей. Мне хапала факту, што гэта тыя шумныя цыганы зь дзяцінства. і я лічыў, што ўсё пра іх ведаю.

​Усю несправядлівасьць сваіх адчуваньняў і паводзінаў разумееш асабліва востра тады, калі бачыш, як гэтыя людзі пакутуюць ад несправядлівых абагульненьняў, ад таго, што нехта дарослы і з уладай бачыць сьвет і сёньня так, як ты яго бачыў 25 гадоў таму, дзіцем.

Цыган? Значыць можна затрымліваць пачкамі, біць, абражаць, называць старую жанчыну сукай, настаўляюць дзецям пісталет да скроні. Усё таму, што яны шумяць у грамадзкім транспарце, маюць незразумелую культуру, іншы выгляд. Гэта тэкст не пра паліткарэктнасьць. Мне не падабаюцца цыганскія песьні і культура, не мая эстэтыка. Гэта тэкст пра эмпатыю, якую мы баімся паказваць чужым.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG