Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Смаргонскія абаранкі». Ласунак, які людзі адабралі ў мядзьведзяў


Фэстываль-кірмаш «Смаргонскія абаранкі»
Фэстываль-кірмаш «Смаргонскія абаранкі»

У Смаргонях на Горадзеншчыне прайшоў фэстываль-кірмаш «Смаргонскія абаранкі». Пра намер адрадзіць традыцыю вырабу ўнікальнага печыва мясцовыя ўлады заяўлялі яшчэ ў 2014 годзе, аднак да рэалізацыі справа дайшла толькі цяпер.

Лічыцца, што менавіта са Смаргоняў амаль 500 гадоў таму пайшоў заваёўваць сьвет «абваранак» — сёньня добра вядомы ўсім кругляк зь дзіркай пасярэдзіне. З часам слова ператварылася ў «абаранак».

Пры гэтым дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што спачатку ласунак адрасаваўся ня столькі людзям, колькі жывёлам — у якасьці «сухпаю» выхаванцаў «мядзьведжай акадэміі» і для іх дрэсіроўкі.

Згодна зь летапісамі, на пачатку XVII стагодзьдзя Смаргоні перайшлі ў валоданьне да князёў Радзівілаў. Адным з праектаў новых гаспадароў стала арганізацыя ў мястэчку школы дрэсіроўкі мядзьведзяў, пра што сьведчыла і вуліца Мядзьведзкая, якую за расейскім часам перахрысьцілі ў «Скоморошью».

У старадаўніх францускіх, нямецкіх, скандынаўскіх крыніцах можна натрапіць на сьведчаньні: ад вясны, калі «артысты» выходзілі са сьпячкі, дзясяткі смаргонскіх «выпускнікоў» у суправаджэньні настаўнікаў, пераважна зь ліку нанятых Радзівіламі цыганоў, весялілі публіку на кірмашах тагачасных земляў Польшчы, Нямеччыны, Італіі, Францыі, Швэцыі. Бліжэй да зімы мядзьведжыя караваны вярталіся на радзіму, сплачвалі падаткі князям і рыхтаваліся да чарговага сэзону.

У гонар спэцыфічнай навучальнай установы некалькі гадоў таму ў гарадзкім парку зьявілася скульптурная кампазыцыя мясцовага аўтара Ўладзімера Церабуна, а мядзьведзь заняў пачэснае месца на гербе Смаргоняў.

Натуральна, падчас гастроляў жывёлу трэба было карміць. На дапамогу прыйшла вынаходка смаргонскіх пекараў: лёгкія ў прыгатаваньні і надзейныя ў дарозе «абваранкі» маглі захоўвацца месяцамі, ня страчваючы смакавых кандыцый.

Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай і ўваходжаньня Смаргоняў у склад Расейскай імпэрыі «мядзьведжая акадэмія» праіснавала нядоўга. У выніку паўстаньня 1831 году тутэйшыя землі былі канфіскаваныя, але промысел па інэрцыі яшчэ працягваўся. Канчаткова мядзьведжая падрыхтоўка была забароненая царскім указам ад 30 сьнежня 1866 году.

Але да таго часу мядзьведжы ласунак ужо прыйшоўся даспадобы і людзям, печыва прадавалі на кірмашах ад Вільні да Менску. Смаргонскія абаранкі заставаліся галоўным брэндам рэгіёну аж да прыходу бальшавікоў, пасьля чаго хлебазаводы выціснулі іх са свайго асартымэнту. Вытворчасьць абаранкаў была адноўленая толькі нядаўна.

Нашчадкі колішніх майстроў дэманстравалі свае здольнасьці на імправізаваных вуліцах Абаранкавай і Мядзьведжай, дзе можна было ня толькі стаць сьведкам уласна вытворчага працэсу, а і прадэгуставаць сьвежасьпечаны кругляк. І малыя, і старыя з задавальненьнем упрыгожвалі шыі важкімі скруткамі абаранкаў.

Сваю прадукцыю ў Смаргоні таксама прывезьлі хлебапёкі з розных гарадоў Беларусі. Былі вызначаныя пераможцы сярод вытворцаў у намінацыях «Абаранак», «Бублік» і «Сушка».

Сьвята адбывалася побач зь месцам, якое апошнім часам трапіла ва ўсе інфармацыйныя зводкі. З цэнтральнай плошчы перад райвыканкамам пад выглядам рэканструкцыі перад абласнымі «Дажынкамі» ўлады прыбралі помнік Леніну і ўрэшце вырашылі назад не вяртаць. Замест зьнесенага пастамэнта цяпер там красуюць тумбы з кветкамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG