Ну ня тое, каб зусім не прайшоў. Антымігранцкія, антызьвязавыя партыі набралі ладную колькасьць галасоў, прынамсі, яны павялічылі сваё прадстаўніцтва ў Эўрапарлямэнце ў параўнаньні з папярэднімі выбарамі практычна ва ўсіх краінах, у Вялікабрытаніі і Францыі яны апынуліся на першым месцы.
Але іх сумарны вынік быў усё ж больш сьціплым, чым чакалася і чым некаторыя перасьцерагалі.
Сьцісла
- Праэўрапейскія сілы захавалі пераканаўчую большасьць у ЭП, хаця эўраскептычныя павялічылі сваё прадстаўніцтва
- Самыя значныя посьпехі эўраскептычных сілаў — першыя месцы ў галасаваньні ў Францыі і Вялікабрытаніі
- Асаблівасьць сёлетніх выбараў у ЭП — істотны рост яўкі, якая перавысіла 50%, што адбылося ўпершыню з 1994 году
ЭП — больш трыбуна, чым орган улады
Варта адзначыць, што калі б вынікі галасаваньня былі іншымі, то і гэта б наўпрост не зьмяніла палітычны дызайн Эўразьвязу. Эўрапарлямэнт — гэта не паўнаўладны парлямэнт Злучаных Штатаў Эўропы.
Праўда, ён можа прымаць законы разам з Радай Эўразьвязу, аднак законапраекты можа прапаноўваць толькі Эўракамісія. Таксама разам з Радай Эўразьвязу Эўрапарлямэнт зацьвярджае бюджэт Зьвязу.
Эўрапарлямэнт зацьвярджае склад Эўракамісіі, ён, што вельмі важна, зацьвярджае кандыдатуру кіраўніка Эўракамісіі. Але ўсё ж нацыянальныя парлямэнты, нацыянальныя ўрады маюць значна больш шырокія і істотныя паўнамоцтвы.
Так што выбары ў Эўрапарлямэнт — гэта па вялікім рахунку маштабнае і рэпрэзэнтатыўнае дасьледаваньне грамадзкай думкі жыхароў краінаў Эўразьвязу. Аднак вынікі гэтага дасьледаваньня, як і сама грамадзкая думка, прынамсі ўскосна ўплываюць і на рэальную ўладу.
У Эўрапарлямэнце мінулага скліканьня дзейнічалі восем палітычных кааліцыяў, чатыры зь якіх — праэўрапейскія: Эўрапейская народная партыя (EPP), Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў (S&D), Альянс лібэралаў і дэмакратаў за Эўропу (ALDE) і «Зялёныя».
Эўраскептыкаў прадстаўлялі аб'яднаньне Эўрапейскія абʼяднаныя левыя (GUE/NGL) і праварадыкальныя абʼяднаньні Эўропа за свабоду і прамую дэмакратыю (EFDD) і Эўрапейскі альянс людзей і нацыяў (ENF).
І нарэшце, паміж праэўрапейцамі і эўраскептыкамі — блёк Эўрапейскія кансэрватары і рэфармісты (ECR).
Што было і што атрымалася
Некалькі месяцаў таму 30 эўрапейскіх інтэлектуалаў, у тым ліку і Сьвятлана Алексіевіч, выступілі з заклікам да эўрапейцаў падтрымаць праэўрапейскія сілы і спыніць марш нацыяналістаў і папулістаў.
З прычыны гэтага і іншых зваротаў такога кшталту ці зь нейкіх іншых прычынаў, але вынікі папулісцкага маршу на выбарах у Эўрапарлямэнт аказаліся даволі абмежаванымі, калі казаць пра Эўропу ў цэлым. Эўраскептыкі не вялі рэй у Эўрапарлямэнце папярэдняга скліканьня, маючы разам прыкладна 20% галасоў, ня будуць весьці яго і ў новым скліканьні.
Праўда, адзінства Эўразьвязу ў пэўным сэнсе вызначаецца моцай самага слабага зьвяна. Brexit стаў сапраўдным палітычным землятрусам ня толькі для Вялікабрытаніі, але і для ўсяго Эўразьвязу. Выпадзеньне аднаго зьвяна, посьпех эўраскептыкаў нават у адной ці некалькіх краінах стварае пагрозу для адзінства зьвязу ў цэлым.
Перамога партыі Brexit ў Вялікабрытаніі на выбарах у Эўрапарлямэнт у хуткім часе зьнішчыць сама сябе — калі краіна ўсё ж выйдзе з ЭЗ, брытанскія эўрадэпутаты страцяць свае мандаты ў Эўрапарлямэнце і унёсак брытанскіх эўраскептыкаў у агульнаэўрапейскі расклад анулюецца.
Парадоксы галасаваньня ў Эўрапарлямэнт
Варта сказаць, што галасаваньне ў Эўрапарлямэнт — усё ж адносны, ускосны паказьнік грамадзкіх настрояў. Парадаксальна, што ў розных краінах менавіта на выбарах у ЭП выбаршчыкі часта зь вялікай ахвотай галасавалі і галасуюць за партыі, якія крытычна ставяцца да Эўразьвязу. Брытанія, можа — самы яскравы, але не адзіны прыклад.
На першы погляд, парадокс: ЭП — інстытут абʼяднанай Эўропы, нашто абіраць туды тых, каму яна не падабаецца? Але пэўная лёгіка ў гэтым ёсьць: паўнамоцтвы ЭП не такія і вялікія, гэта ў большай ступені трыбуна, чым орган улады, і галасаваньне за антыэўразьвязаўскія партыі — гэта своеасаблівае «насыпаньне солі на хвост» нацыянальным урадам і брусэльскай бюракратыі.
Яшчэ адзін парадокс выбараў у ЭП, які меў месца да апошняга часу — сувязь яўкі і паўнамоцтваў. Самай высокай была яўка на выбарах у Эўрапарлямэнт першага скліканьня ў далёкім 1979 годзе, 40 гадоў таму. Тады Эўрапарлямэнт быў нечым кшталту сучаснай Рады Эўропы, толькі трыбунай, але яўка на тыя першыя выбары была 62%. З таго часу яго паўнамоцтвы ўвесь час пашыраліся, але адначасова і зьніжалася яўка. У 2014 годзе, на папярэдніх выбарах, яна складала 42.5%.
Аднак сёлета гэтая тэндэнцыя зьмянілася, у большасьці краінаў ЭЗ і ў цэлым па зьвязе сёлета яўка на выбары ў ЭП была вышэйшай, чым у 2014 годзе, у цэлым па ЭЗ у выбарах узялі ўдзел 51% выбаршчыкаў, гэта найвышэйшая яўка ад 1994 году.
Гэта варта разглядаць як паказьнік росту даверу да Эўразьвязу сярод насельніцтва краінаў, якія яго складаюць, і ў прыватнасьці да Эўрапарлямэнту. Многія крытыкі ЭЗ скардзяцца на ўсеўладзьдзе брусэльскай бюракратыі, якая не абраная народам. Пашырэньне паўнамоцтваў ЭП умацоўвае дэмакратычную легітымнасьць зьвязу.
Галасаваньне ў Нямеччыне і ў Францыі: падабенства і адрозьненьні
У Нямеччыне паводле экзыт-полаў найбольш галасоў набралі хрысьціянскія дэмакраты разам з ХСС — 28%, на другім месцы апынуліся «Зялёныя», адсунуўшы на трэцяе месца сацыял-дэмакратаў. Пры гэтым у параўнаньні з выбарамі ў ЭП і ХДС і сацыял-дэмакраты галасы страцілі, «Зялёныя» набралі больш на 11 адсоткавых пунктаў у параўнаньні з 2014 годам, праварадыкальная «Альтэрнатыва для Нямеччыны» палепшыла вынік на 3 пункты.
У Францыі Нацыянальнае аб’яднаньне Марын Лё Пэн апынулася на выбарах на першым месцы (23.2%), апярэдзіўшы партыю дзейнага прэзыдэнта Эманюэля Макрона (21.9%).
Як бачна з табліцы, якая пададзеная вышэй, Народная партыя і сацыялісты, якія мелі арытмэтычную большасьць у ЭП папярэдняга скліканьня, цяпер яе страцілі. Але ў цэлым эўрааптымістычныя партыі, як і раней, атрымалі пераканаўчую большасьць, а эўраскептычныя сілы, хоць і павялічылі сваё прадстаўніцтва, але не нашмат — з 18% да 22%.
«Заняпад Эўропы» адмяняецца
Так што пахаваньне адзінай Эўропы адмяняецца. Хаця трывожным званочкам у некаторых краінах гэтыя выбары сталі, прынамсі, у Францыі. На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у 2017 годзе там Эманюэль Макрон перамог Марын Лё Пэн зь дзьвюхразовай перавагай, цяпер на выбарах у ЭП іх партыі прыйшлі фактычна з роўным вынікам, зь невялікай перавагай Нацыянальнага аб’яднаньня.
Так што адзінства Эўразьвязу не гарантаванае. І страты, якія панесьлі ў выніку выбараў у ЭП асноўныя эўрааптымістычныя партыі — сьведчаньне крызісу, як палітычнага, так і ідэалягічнага.
Але казаць пра «заняпад Эўропы» не выпадае. Дынаміка яўкі на выбары ў ЭП сьведчыць пра тое, што экстрапаляцыі ў палітыцы — справа рызыкоўная. Яўка на выбарах у ЭП зьніжалася шмат гадоў. І зараз нечакана вырасла. Гэтак і рост папулярнасьці эўраскептычных партыяў, які зафіксавалі выбары ў ЭП — гэта не наканаваньне.
Сьвет мяняецца, Эўропа мяняецца. Часам даволі нечакана.