Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрааптымісты захавалі за сабой большасьць у Эўрапарлямэнце


23–26 траўня ў 28 краінах Эўразьвязу абіралі 751 дэпутата Эўрапейскага парлямэнту. Папярэднія вынікі чакаюцца позна ўвечары ў нядзелю.

Паводле першых ацэнак, абвешчаных Эўрапарлямэнтам каля 20.00 сярэднеэўрапейскага часу, найбольшымі палітычнымі блёкамі застануцца правацэнтрысцкая Эўрапейская народная партыя і левацэнтрысцкі блёк «Сацыялісты і дэмакраты».

Абедзьве гэтыя групы страцілі пэўную колькасьць месцаў у Эўрапарлямэнце ў параўнаньні з папярэдняй кадэнцыяй.

Затое больш месцаў атрымаюць дзьве іншыя праэўрапейскія фракцыі Эўрапарлямэнту — лібэральна-дэмакратычная і фракцыя «Зялёных».

Паводле папярэдніх ацэнак чатыры гэтыя блёкі разам могуць заняць 495 месцы (524 у мінулым складзе Эўрапарлямэнту).

Страціць месцы і блёк «Эўрапейскія кансэрватары і рэфармісты», які займае сярэднюю пазыцыю паміж праэўрапейцамі і эўраскептыкамі — ім прагназуюць 60 месцаў замест колішніх 77.

На баку эўраскептыкаў у парлямэнце таксама адбудуцца зьмены. Эўрапейскія аб’яднаныя левыя зазналі страты, затое правапапулісцкія групы Эўропа свабоды і прамой дэмакратыі і Эўропа нацыяў і свабоды дасягнулі на выбарах посьпеху — дзякуючы перамозе партыі Brexit Найджэла Фаража ў Вялікабрытаніі і Нацыянальнага аб’яднаньня Марын Лё Пэн ў Францыі.

Разам эўраскептыкі прэтэндуюць на 155 месцаў (130 у папярэднім складзе Эўрапарлямэнту). Калі Вялікабрытанія выйдзе з Эўразьвязу, эўраскептыкі страцяць у Эўрапарлямэнце 24 месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG