Эканаміст Гітанас Наўседа перамагае ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Літве. Ён атрымаў 65,86% галасоў, вынікае з папярэдніх дадзеных ЦВК краіны (паводле стану на 9.00 27 траўня).
Яго суперніца — былая міністарка фінансаў Інгрыда Шыманіце, якая балятавалася ад кансэрватараў, набрала 32,86% галасоў.
Інгрыда Шыманіце прызнала сваю паразу і павіншавала канкурэнта зь перамогай. Пра гэта яна заявіла публічна са сцэны ля прэзыдэнцкага палаца, адкуль нацыянальная тэлевізія вядзе спэцыяльную праграму, прысьвечаную вынікам выбараў.
«Я добра разумею лёгіку лічбаў і прызнаю, што перамога застанецца за Наўседам. Віншую яго і жадаю плённай працы на карысьць Літвы», — сказала яна.
Гітанас Наўседа — беспартыйны кандыдат, які ў 2004–2009 гадах быў дарадцам прэзыдэнта Валдаса Адамкуса. У 2000-х працаваў на розных пасадах у Банку Літвы і AB Vilniaus Bankas, у 2008–2018 гадах быў дарадцам і галоўным эканамістам SEB Bankas (новая назва AB Vilniaus Bankas), ад 2010 году выкладае ў Віленскай бізнэс-школе. 55 гадоў, жанаты, дзьве дачкі.
Усяго ў выбарах маглі прынялі ўдзел 2,491 млн грамадзянаў Літвы з правам голасу. Яўка, паводле дадзеных Галоўнай выбарчай камісіі, склала 53,44% выбарнікаў.
Прэзыдэнт Літвы абіраецца ўсеагульным прамым таемным галасаваньнем на пяць гадоў. Для прэтэндэнтаў існуе ўзроставы цэнз — ня менш за 40 гадоў, а таксама патрабаваньні быць грамадзянінам Літвы паводле паходжаньня і жыць у краіне ня менш за тры апошнія гады.
Літва — парлямэнцкая рэспубліка, але вызначэньне зьнешняй палітыкі застаецца прэрагатывай прэзыдэнта. Абодва ўдзельнікі барацьбы ў другім туры падвяргаюць крытыцы палітыку Крамля, падкрэсьліваюць свае саюзьніцкія адносіны з NATO і дзяржавамі Эўразьвязу.