Сёньня ў Літве праходзіць другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. За прэзыдэнцкую пасаду змагаюцца былы міністар фінансаў, кандыдат кансэрватараў і дэпутат парлямэнта Інгрыда Шыманіце і эканаміст, незалежны кандыдат Гітанас Наўседа.
Галасаваньне ў Літве доўжыцца з 7 да 20-й гадзіны. У сьпісах выбаршчыкаў амаль 2 з паловай мільёны грамадзян, піша delfi.lt.
12 траўня прайшоў першы тур, на прэзыдэнцкую пасаду прэтэндавалі 9 кандыдатаў.
У прэзыдэнта Літвы больш паўнамоцтваў, чым у яго калег у Латвіі і Эстоніі. У Літве кіраўнік дзяржавы фармуе зьнешнюю палітыку нароўні з урадам, зьяўляецца галоўнакамандуючым арміі, мае права заканадаўчай ініцыятывы і заканадаўчага вета.
Інгрыда Шыманіце — кандыдатка ад цяпер апазыцыйнай кансэрватыўнай партыі «Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты». Эканамістка, былая міністарка фінансаў (2009–2012) і былая старшыня праўленьня Банку Літвы (2013–2016), цяпер дэпутатка Сойму. 44 гады, ня замужам, ня мае дзяцей.
Гітанас Наўседа — беспартыйны кандыдат, які ў 2004–2009 гадах быў дарадцам прэзыдэнта Валдаса Адамкуса. У 2000-х працаваў на розных пасадах у Банку Літвы і AB Vilniaus Bankas, у 2008–2018 гадах быў дарадцам і галоўным эканамістам SEB Bankas (новая назва AB Vilniaus Bankas), ад 2010 году выкладае ў Віленскай бізнэс-школе. 55 гадоў, жанаты, дзьве дачкі.
Дзейная прэзыдэнтка Даля Грыбаўскайце не балятавалася: яна ўжо прабыла на пасадзе два тэрміны і балятавацца надалей ёй не дазваляе Канстытуцыя.