Пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на мінулым тыдні падпісаў указ і забараніў выкарыстоўваць у ЗША тэлекам-абсталяваньне кампаній, якія «пагражаюць» Амэрыцы, а Міністэрства гандлю ЗША абвясьціла пра намер унесьці кітайскую кампанію Huawei ў «чорны сьпіс» кампаній з гэтага ўказу, у кіраўніцтве ўжо некалькіх амэрыканскіх кампаній прынялі рашэньне адмовіцца ад супрацоўніцтва з Huawei.
Паводле дадзеных Reuters, Google (дакладней, холдынг Alphabet, які кіруе пошукавікам Google) ужо згарнуў некалькі праектаў з Huawei. Кітайская кампанія пазбавіцца доступу да абнаўленьняў апэрацыйнай сыстэмы Android, а ўжо на наступнай сэрыі смартфонаў ня будзе праграм Google Play Store, YouTube і Gmail. На тэхнічную падтрымку Google кітайская кампанія таксама разьлічваць ня зможа.
Пры гэтым у Huawei застанецца магчымасьць атрымліваць доступ да Android, але толькі ў яе адкрытай вэрсіі, а ў карыстальнікаў Google Play, якія карыстаюцца прыладамі Huawei, па-ранейшаму будзе магчымасьць іх выкарыстоўваць.
«Мы дзейнічаем у адпаведнасьці з указам прэзыдэнта і пераглядаем далейшыя дзеяньні», — заявіў прадстаўнік Google. Прадстаўнікі Huawei пакуль рашэньне Google не пракамэнтавалі, але вядома, што кампанія распрацоўвае ўласныя вэрсіі Android і Windows.
Паводле дадзеных выданьня The Verge і агенцтва Bloomberg, амэрыканскія вытворцы кампутарных чыпаў Intel, Qualcomm, Xilinx і Broadcom таксама маюць намер далучыцца да Google і таксама спыніць працу з Huawei. Але афіцыйна кампаніі пакуль гэтага не пацьвярджаюць.
Указ Дональда Трампа ўводзіць у краіне рэжым надзвычайнай сытуацыі і пашырае паўнамоцтвы ўладаў па абароне інфармацыйна-камунікацыйных сетак ЗША. Гаворка ідзе пра тыя замежныя кампаніі, якія ў Вашынгтоне лічаць падкантрольнымі «супернікам ЗША». Huawei ўлады ЗША лічаць памагатымі ўладаў Кітая ў шпіянажы за амэрыканскімі грамадзянамі.