Сьцісла:
- Галоўная задача Лукашэнкі — «прадаць» партнэрам на Ўсходзе і Захадзе «перагорнутую старонку».
- Навошта праводзіць усе гэтыя рытуальныя мерапрыемствы, калі галасы ня лічаць.
- Кандыдаты атрымалі ад улады гарантыі, што зь імі як са статыстамі, спарынг-партнэрамі пасьля выбараў нічога ня здарыцца.
- На кожнага з кандыдатаў ужо цяпер сабраная тэчка кампрамату.
— Для чаго, на вашу думку, Лукашэнку ўвогуле патрэбныя «супернікі» на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах? Імітацыя чаго важная яму ў гэтай кампаніі?
— Важна разумець, чаго ўвогуле Лукашэнка хоча дасягнуць на гэтых выбарах, якія мэты перад сабой ставіць. Зразумела, што галоўная ягоная задача — «прадаць» партнэрам на Ўсходзе і Захадзе тое, што ён называе «перагарнуць старонку».
Паводле ягонай задумы, павінна адбыцца наступнае. Пасьля самага сур’ёзнага крызісу легітымнасьці ў сваёй кар’еры ў 2020 годзе Лукашэнка правёў парлямэнцкія выбары, мясцовыя выбары. Цяпер апошняе — правесьці прэзыдэнцкія, на якіх трыюмфальна перамагчы. І для гэтага патрэбныя статысты, як у кожным тэатры. Прадэманстраваць «канкурэнцыю» і заадно тое, як ён кантралюе сытуацыю ў краіне.
Як яму падаецца, усё гэта павінна вярнуць пэўную легітымнасьць. Магчыма, дасягнуць нават нейкага ўзроўню прызнаньня Захадам. І па магчымасьці апынуцца за сталом мірных перамоваў па Ўкраіне, калі яны будуць адбывацца. Лукашэнка гэта прагаворвае даволі часта, і бачна, што гэта для яго ключавое пытаньне.
— З тых, хто падаў заяўку на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, выглядае, што і Вольга Чамаданава, і Алег Гайдукевіч — гэта кандыдаты, ухваленыя ўладай. Чаму рэжым вылучае ажно некалькі асобаў, для якой карціны выбараў?
— Гэта хутчэй не электаральнае пытаньне, а пытаньне тэатральнай драмы і сюжэту. Было ўжо ў мінулым, калі, напрыклад, у 2010 годзе Лукашэнка і Макей, які тады быў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта, імкнуліся прадэманстраваць Захаду максымальную адкрытасьць выбарчага працэсу і рэгістравалі ўсіх. Магчыма, гэтым разам яны хочуць прадэманстраваць нешта такое зноў. Маўляў, глядзіце, у нас і мужчыны, і жанчыны, і апазыцыянэрка Канапацкая.
Але — навошта праводзіць усе гэтыя рытуальныя мерапрыемствы, калі ты проста ня лічыш галасы?
— Траўма 2020 году выражаецца, сярод іншага, у тым, што ўлады працягваюць баяцца пратэстаў і бунтаў нават цяпер, калі, на думку большасьці аналітыкаў, для гэтага ва ўмовах рэпрэсіяў няма ніякіх падставаў. Ці не асьцерагаецца рэжым паўтарэньня гісторыі са Сьвятланай Ціханоўскай, якую зарэгістравалі, ня думаючы, што гэта ўсур’ёз, але яна перамагла на выбарах? Ці зарэгіструюць у такім выпадку Канапацкую?
— Магчыма, сапраўды Лукашэнка, убачыўшы, што ў гэтых выбарах настолькі няма інтрыгі, захацеў стварыць хаця б бачнасьць такой інтрыгі. Але на самой справе ўсе ўхваленыя ўладай кандыдаты назіралі гісторыю 2020 году. Яны ведаюць, дзе цяпер знаходзяцца некаторыя кандыдаты на тых выбарах; бачылі, як людзей звальнялі з працы толькі за тое, што паставілі подпіс за вылучэньне апазыцыйных кандыдатаў. Таму цяперашнія вылучэнцы сотні разоў атрымалі ад улады гарантыі, што зь імі, калі яны стануць статыстамі, спарынг-партнэрамі, нічога падобнага ня здарыцца. Тут ніякіх сюрпрызаў чакаць ня варта.
Лукашэнка падышоў да гэтых выбараў як баксёр, які 30 гадоў выводзіў на рынг у якасьці партнэра цалкам бясьсільную апазыцыю. Дзеля гэтага выціскаў з краіны і кідаў у турмы моцных кандыдатаў. Потым сам абраў сабе ў супернікі Ціханоўскую, бо думаў, што яна нічым не пагражае — і прайграў нават ёй. Для яго гэта стала глыбокай траўмай, і я ня думаю, што ён паўторыць такую памылку. Ён перастрахуецца з кандыдатамі сто разоў, на кожнага зь іх будзе тэчка кампрамату, каб нават не падумалі варухнуцца.
— Праўладным кандыдатам — тым жа Гайдукевічу і Чамаданавай — будзе дазволена крытыкаваць «асобныя недахопы», ці яны будуць гаварыць толькі пра тое, які ў Беларусі мудры кіраўнік?
— Я мяркую, гэта будзе залежаць ад здольнасьцяў асобных кандыдатаў. Ня думаю, што будзе нейкая забарона на крытыку «кепскіх баяраў» — чаму б не. Але астатні адведзены на агітацыю час час яны будуць прысьвячаць размовам пра тое, які ў нас вялікі правадыр і чаму ім будзе прыемна яму прайграць.
— Як вы ацэніце стратэгіі розных апазыцыйных сілаў, якія яны прапануюць на гэтыя выбары? Гучаць зусім арыгінальныя варыянты, кшталту «агітаваць за Гайдукевіча».
— Зразумела, што публічным асобам хочацца ствараць інфанагоды, спрабаваць уплываць на сытуацыю ў такіх умовах, калі апазыцыя проста ня можа нічога зрабіць. Гэта такое мерапрыемства, што я лічу бессэнсоўным дыскутаваць наконт розных падыходаў і стратэгій. Можна гаварыць пра эмацыйнае стаўленьне да такога спэктакля — байкот ці галасаваць супраць усіх. Але я лічу, што гэта рытуальная працэдура — перапрызначэньне Лукашэнкі. І спрабаваць неяк уплываць на яе ў дадзеных умовах бессэнсоўна. Каб я быў выбарцам у Беларусі, то проста байкатаваў бы гэтыя так званыя «выбары».
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- На 23 кастрычніка ў турмах Беларусі застаецца 1300 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў. Сотні тысяч чалавек зьехалі зь Беларусі ў іншыя краіны.
Форум