Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці далучэньне Беларусі да NATO — фантастыка?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

17 траўня ў Менску экспэрты і палітыкі дыскутавалі вакол магчымасьці далучэньня Беларусі да Паўночна-Атлянтычнага блёку. Некаторыя зь іх ставіліся да такога сцэнару як магчымага. Праўда, падкрэсьліваючы, што гэта «складаны і працяглы шлях».

«Шлях складаны, комплексны і затратны»

Менавіта гэтымі трыма словамі Андрэй Паротнікаў, экспэрт у пытаньнях бясьпекі, заснавальнік Belarus Security Blog, акрэсьліў беларускія пэрспэктывы.

«Ня трэба мець ілюзіяў, што гэты шлях будзе просты і кароткі. Напачатку трэба выйсьці з АДКБ, затым пабыць пэўны час у статусе пазаблёкавай краіны. І толькі пасьля можна будзе на нешта спадзявацца».

А вось палітоляг Юры Чавусаў згадаў, што 6 гадоў таму яму давялося абмяркоўваць такія ж пляны для Ўкраіны — «і тады амаль усе называлі падобны сцэнар фантастыкай».

«А што мы маем сёньня? Усе вядучыя палітычныя сілы Ўкраіны выступаюць за ўваход у альянс», — заўважыў Чавусаў.

Паротнікаў таксама зьвярнуў увагу на нэгатыўны досьвед знаходжаньня Беларусі ў АДКБ.

«У NATO ўсе працуюць паводле адзіных правілаў, у АДКБ — інакш. Беларусь прадае зброю Азэрбайджану, які не ўваходзіць у АДКБ, цудоўна ведаючы, што некаторыя азэрбайджанскія генэралы хочуць выкарыстаць яе супраць Ерэвану. І гэта пры тым, што Армэнія, як і Беларусь, чалец блёку», — тлумачыць сваё разуменьне сытуацыі Паротнікаў.

Менск і Брусэль не давяраюць адзін аднаму

Палітоляг Алесь Лагвінец лічыць, што ў гэтым ёсьць віна абодвух бакоў.

«У штаб-кватэры NATO чамусьці не заўважаюць, што ў беларускага палітычнага і вайсковага кіраўніцтва рыторыка наконт блёку больш мяккая, чым у Крамля. Менск апошнім часам усё ж паказвае элемэнты нэўтральнасьці ў гэтым пытаньні. Але ў Брусэлі, як і раней, лічаць Беларусь заядлым хаўрусьнікам Расеі.

З другога боку, у беларускага кіраўніцтва таксама няма даверу да NATO. Таму ад дыялёгу Брусэля і Менску пакуль няма плёну».

Ня ўсё вырашае толькі зброя

Кіраўнік экспэртнай групы «Цэнтар палітычнай адукацыі» Андрэй Ляховіч лічыць, што ў Беларусі пакуль няма па-сапраўднаму нацыянальнай арміі.

«У нашай арміі ёсьць сучасная зброя. Але, я перакананы, у беларускіх вайскоўцаў няма псыхалёгіі змаганьня зь „зялёнымі чалавечкамі“. А ў такім выпадку зброя — гэта другаснае. Пакуль нас абараняе ад жаданьня Крамля далучыць Беларусь толькі эканамічная слабасьць Расеі».

Экспэрты і палітыкі зьбіраліся сёньня пад эгідай партыі БНФ. Намесьнік партыйнага старшыні Аляксей Янукевіч паабяцаў, што «гэта толькі пачатак».

«Мы зьбіраемся істотна абнавіць партыйную канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі. Таму падобныя мерапрыемствы абавязкова будуць яшчэ. Канечне, пакуль заўчасна казаць, што бальшыня беларускага насельніцтва прыхільна ставіцца да Паўночна-Атлянтычнага альянсу. Але такое стаўленьне трэба выхоўваць, тлумачачы людзям, што расейскія авантуры могуць вельмі зашкодзіць Беларусі», — падкрэсьліў Янукевіч.

NATO — 70 гадоў

Паўночна-Атлянтычны альянс быў утвораны ў 1949 годзе, каб супрацьдзейнічаць камуністычнай пагрозе. Цяпер у NATO 29 краін, у тым ліку тры рэспублікі былога СССР — Латвія, Літва, Эстонія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG