Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі дыплямат заявіў, што ЗША нібы «рыхтуюцца ўжыць ядзерную зброю ў Эўропе»


Уладзімір Ермакоў, архіўнае фота
Уладзімір Ермакоў, архіўнае фота

Дырэктар дэпартамэнту нераспаўсюду і кантролю ўзбраеньняў Міністэрства замежных справаў Расеі Ўладзімір Ермакоў заявіў расейскаму выданьню РИА Новости, што Злучаныя Штаты нібыта рыхтуюцца ўжыць у Эўропе ядзерную зброю.

Паводле расейскага дыплямата, ЗША разьмяшчаюць у Эўропе ядзерную зброю, і гэта кажа аб падрыхтоўцы да ўжываньня гэтай зброі з дазволу эўрапейскіх краінаў, у тым ліку «з падключэньнем няядзерных дзяржаваў».

Пра якія краіны і якія ўзбраеньні гаворка, Ермакоў не ўдакладняе — толькі заявіў, што гэта «некаторыя залежныя ад Вашынгтону», але «цывілізаваныя эўрапейскія краіны». Крыніцы сваіх зьвестак дыплямат таксама не назваў — не спасылаўся ні на расейскую выведку, ні на афіцыйныя заявы ЗША.

У Вашынгтоне на момант публікацыі не адрэагавалі на заяву. Аб падрыхтоўцы да ўжываньня ядзернай зброі не заяўлялі ні афіцыйныя асобы, ні эўрапейскія ці амэрыканскія СМІ.

ЗША сапраўды разьмяшчалі ядзерную зброю на вайсковых базах у эўрапейскіх краінах NATO — у Бэльгіі, Італіі, Нідэрляндах, Нямеччыне і Турэччыне месьцяцца больш за сотню амэрыканскіх ядзерных бомбаў B61. Яны разьмешчаныя паводле афіцыйнай стратэгіі NATO аб абмене ядзернай зброяй, якая пачалася яшчэ ў часы халоднай вайны. За апошнія гады заяваў аб пашырэньні праграмы не гучала — але гучалі адваротныя.

Заява расейскага дыплямата прагучала напярэдадні заплянаванай сустрэчы дзяржаўнага сакратара ЗША Майка Пампэо з Уладзімірам Пуціным. У мінулым месяцы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп даручыў сваёй адміністрацыі распрацаваць праект новых пагадненьняў з Расеяй і Кітаем аб кантролі над узбраеньнямі, але ў Крамлі заявілі, што пакуль не гатовыя сур’ёзна разглядаць прапановы Трампа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG