Выкрадзены, а пасьля забіты 16 траўня ў Магілёве міліцыянт — лейтэнант Яўген Уладзімеравіч Патаповіч, паведаміла прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкаму.
Яўгену Патаповічу было 22 гады. Нарадзіўся ён у 1996 годзе ў Магілёве. У 2018 годзе скончыў Магілёўскі інстытут МУС Рэспублікі Беларусь.
Патаповіч працаваў інспэктарам дарожна-патрульнай службы 1-га ўзводу батальёну дарожна-патрульнай службы ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкаму.
У афіцыйным паведамленьні абласная міліцыя выказала спачуваньні бацькам, родным і блізкім міліцыянта.
Увечары 16 траўня ў Магілёўскай вобласьці міліцыю паднялі па трывозе, у рэгіёне ўвялі ў дзеяньне плян «Сырэна», на дарогах па ўсёй Беларусі выставілі блёкпасты, бо быў выкрадзены супрацоўнік ДАІ. Пазьней стала вядома, што выкрадзенага міліцыянта знайшлі мёртвым у лесе за два кілямэтры ад Магілёва, у лесапаласе каля аўтадарогі Р123 (Прысна — Масток — Дрыбін — Горкі). Сюды прыехала перасоўная крыміналістычная лябараторыя.
Мяркуецца, што супрацоўнік ДАІ адзін выехаў на выклік у магілёўскі мікрараён Чапаеўка і быў захоплены.
Паводле інфармацыі, якую а 20-й гадзіне разаслалі ўсім пастам і супрацоўнікам міліцыі, афіцэра зьвезьлі на легкавым аўтамабілі ГАЗ («Волга») чорнага колеру з танаванымі вокнамі і расейскімі рэгістрацыйнымі нумарамі. Нумары 67-ы ці 69-ы рэгіён Расеі, піша Tut.by.
Зьяўлялася інфармацыя пра затрыманьні людзей, якія перамяшчаліся на чорных «Волгах» з расейскімі нумарамі. Юлія Ганчарова патлумачыла, што затрыманьні праходзяць у рамках апэрытаўных захадаў. Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч у размове з карэспандэнтам Свабоды не пацьвердзіў, але і не абверг зьвесткі пра тое, што у Гомлі нібыта была затрыманая чорная «Волга» меркаваных забойцаў міліцыянта.
Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 362 КК — забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў пры выкананьні ім абавязкаў па ахове грамадзкага парадку. Максымальная санкцыя паводле гэтага артыкулу — пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне.