Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля забойства міліцыянта ў Магілёве затрымалі дзясяткі цыганоў


Вуліца ў раёне Чапаеўка ў Магілёве, дзе жывуць цыганы
Вуліца ў раёне Чапаеўка ў Магілёве, дзе жывуць цыганы

16 траўня каля 21-й гадзіны вечара ў раёнах Чапаеўка і Грабянёва ў Магілёве міліцыя правяла рэйды ў дамах цыганоў.

Па словах мясцовых жыхароў, зь якімі пагутарылі карэспандэнты Свабоды, цяпер пад вартай знаходзяцца амаль усе мужчыны. Затрыманьні нібыта зьвязаныя з учорашнім выкраданьнем і забойствам міліцыянта.

«Мы ад міліцыі і даведаліся, што ў горадзе забілі міліцыянта», — кажа пажылая цыганка, чыйго сына і ўнукаў затрымалі ўчора ўвечары. Сваё імя яна баіцца называць.

Учора ўвечары яна была ў гасьцях, калі міліцыя ў масках і са зброяй уварвалася ў дом і паклала ўсіх на падлогу тварам да зямлі. У тым ліку жанчын.

Па словах гэтай жанчыны і яе суседак, міліцыянты ўчора прыйшлі выключна ў хаты цыганоў у раёнах Чапаеўка і Грабянёва. Частку жанчын таксама затрымалі, і яны правялі ноч у міліцыі. Потым жанчын адпусьцілі, а каля 30-40 мужчын дагэтуль застаюцца пад вартай.

«Сказалі, пакуль мы ня знойдзем злачынцаў, нашы мужчыны будуць сядзець. Каб мы праз сваю цыганскую пошту шукалі тых людзей», — кажа кабета.

Ізалятар часовага ўтрыманьня турмы №4 у Магілёве, дзе знаходзіцца частка затрыманых цыганоў
Ізалятар часовага ўтрыманьня турмы №4 у Магілёве, дзе знаходзіцца частка затрыманых цыганоў

​Яна зь дзяцінства жыве ў Магілёве і ня памятае такіх маштабных аблаваў на цыганоў.

«Хіба мы ў адказе за ўсіх людзей нашай нацыянальнасьці?», — кажа жанчына.

Цыганы кажуць, што зь імі абыходзіліся вельмі жорстка. Аднаму мужчыну стала дрэнна ў міліцыі, і яго забралі ў шпіталь.

«Нам пагражалі, што не дадуць тут жыць спакойна», — кажа жанчына.

Чапаеўка і Грабянёва — месцы кампактнага пражываньня цыганоў у Магілёве. Мясцовыя жыхары пацьвярджаюць, што ўчора ўвечары тут езьдзіла шмат міліцэйскіх машын. Але невядома, каб затрымлівалі людзей іншых нацыянальнасьцяў, акрамя цыганскай.

Перасьлед цыганоў абумоўлены інфармацыяй з тэлеграм-каналу NEXTA. Учора там паведамлялася, што людзі, якія зьвезьлі міліцыянта, былі «цыганскай або каўкаскай зьнешнасьці». Аднак афіцыйнай інфармацыі наконт нацыянальнасьці падазраваных пакуль не агучвалася.

Ці праўдзівая інфармацыя аб затрыманьнях цыганоў у Магілёве?

«Сумесна з апэратыўнымі супрацоўнікамі міліцыі і экспэртамі працягваецца высьвятленьне абставінаў зьдзяйсьненьня злачынства. Праводзяцца неадкладныя сьледчыя дзеяньні і апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, дапытваюцца сьведкі. Ідзе плянавая работа ў рамках крымінальнай справы, ніякай надзвычайшчыны ў дачыненьні да мясцовых жыхароў няма», — сказала прадстаўніца СК Юлія Ганчарова.

Міліцыянт крымінальнага вышуку, які займаецца расьсьледаваньнем гэтай справы, на пытаньне наконт затрыманьня цыганоў адказаў Свабодзе: «Мы ніякіх камэнтароў не даем, ёсьць тайна сьледзтва, таму без камэнтароў».

Атрымаць апэратыўны камэнтар ў прэсавай службе УУС Магілёўскага аблвыканкаму і ў Міністэрстве ўнутраных спраў пакуль не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG