У чэскім парлямэнце распрацоўваецца законапраект аб легалізацыі эўтаназіі. Пра гэта дэпутаты з палітычнага руху ANO паведамілі ўдзельнікам канфэрэнцыі Чэскай доктарскай палаты.
На канфэрэнцыі былі прадстаўленыя вынікі апытаньня, паводле якога з эўтаназіяй згодныя каля 55% чэскіх лекараў і 70% мэдсёстраў, паведамляе агенцтва ČTK.
Паводле дэпутатаў з ANO, такі закон патрэбны, каб лекары не баяліся. У Эўропе эўтаназія легалізаваная толькі ў Нідэрляндах, Бэльгіі і Люксэмбургу. У Швайцарыі лекар можа падрыхтаваць для пацыента сьмяротную дозу, але прыняць яе пацыент павінен сам.
Пытаньне аб легалізацыі эўтаназіі не ўпершыню ўздымаецца ў Чэхіі. Падобную прапанову, дзе прадугледжвалася эўтаназія толькі для людзей у безнадзейным стане, чэскі ўрад ужо адхіляў у 2016 годзе, а перад гэтым у 2008 годзе такую прапанову адкінуў парлямэнт.
Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, «мэдыцынскім і фармацэўтычным работнікам забараняецца ажыцьцяўленьне эўтаназіі. Асоба, якая сьвядома штурхае пацыента да эўтаназіі і (або) ажыцьцяўляе эўтаназію, нясе крымінальную адказнасьць у адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».