Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтуюць дзьве кнігі беларускіх пісьменьнікаў з Падляшша


Літаратурны музэй Максіма Багдановіча
Літаратурны музэй Максіма Багдановіча

Сёньня, 15 траўня, у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя найноўшых кніжных выданьняў Надзеі Артымовіч і Міхала Андрасюка, беларускіх пісьменьнікаў з Падляшша.

​Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, Міхал Андрасюк ды выдавец і галоўны рэдактар беластоцкага тыднёвіка «Ніва» Яўген Вапа прадставяць кнігу прозы «Поўня» Міхала Андрасюка і дзьвюхмоўны (беларускія арыгіналы і польскія пераклады) зборнік вершаў Надзеі Артымовіч «Краявід зь невідочнай памылкай».

Міхась Андрасюк. Фота Міры Лукшы
Міхась Андрасюк. Фота Міры Лукшы

Міхал Андрасюк нарадзіўся 2 сьнежня 1959 году ў Гайнаўцы на Падляшшы. Дзяцінства і маладосьць правёў у вёсцы Войнаўка ў гміне Дубічы-Царкоўныя, дзе цяпер пражывае. Скончыў беларускі ліцэй у Гайнаўцы (1978), працаваў настаўнікам і каменячосам, цяпер супрацоўнічае зь беларускамоўнымі СМІ ў Беластоку. Піша па-беларуску і па-польску. Аўтар кнігаў прозы «Фірма» (Беласток, 2000), «Мясцовая гравітацыя» (Беласток, 2004), «Белы конь» (Беласток, 2006, перакладзены і выдадзены на польскай мове ў 2011), «Вуліца Добрай Надзеі» (Менск, 2010), «Wagon drugiej klasy» (Беласток, 2010), «Krzyżyk» (Беласток, 2015), «Поўня» (2018). Міхал Андрасюк узнагароджаны «Залатым апострафам» часопіса «Дзеяслоў» за сваю прозу, якая друкавалася на яго старонках у 2009 годзе. Атрымаў літаратурную прэмію прэзыдэнта Беластоку імя Веслава Казанэцкага за 2011 год за кнігу «Белы конь».

Надзея Артымовіч
Надзея Артымовіч

Надзея Артымовіч нарадзілася 18 лютага 1946 году ў вёсцы Ягуштова каля Бельску на Падляшшы. Дзяцінства паэткі прайшло ў Бельску, тут яна хадзіла ў пачатковую школу і ў Беларускі агульнаадукацыйны ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча. У 1965–67 вывучала рускую філялёгію на настаўніцкіх курсах у Беластоку, а ў наступныя гады — беларускую філялёгію ў Варшаўскім унівэрсытэце, які закончыла ў 1972. Сябра Саюзу польскіх пісьменьнікаў з 1986. Жыве ў Бельску. Аўтарка паэтычных кніг «We śnie w bólu słowa» (1979), «Роздумы» (1981), «Сэзон у белых пэйзажах» (1990), «Зь неспакойных дарог» (1993), «Дзьверы» (1994, разам з Алесем Разанавым), «Лагодны час» (1998), «Адплывае спакойнае неба» (1999), «Жоўтая музыка» (2005), «Краявід зь невідочнай памылкай» (2018).

Прапануем вам паглядзець відэаблог нашага рэдакцыйнага калегі Яна Максімюка, прысьвечаны «Поўні» Міхала Андрасюка. Гэта першы, сыгнальны відэаблог з цыклу «Толькі пра літаратуру», які Свабода мяркуе зрабіць рэгулярным пунктам сваёй праграмы сёлетняй восеньню.

«Поўня»: Элегійная проза Міхася Андрасюка
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:28 0:00

Пачатак прэзэнтацыі кнігаў Андрасюка і Артымовіч у Музэі імя Максіма Багдановіча ў 18:30.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG