На сайце Petitions.by працягваецца збор подпісаў пад новым зваротам аб лёсе іранца Мэхрдада Джамшыдыяна, які 4 траўня зьбіраюцца адаслаць у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.
Папярэдні зварот, які падпісала 900 чалавек, быў адрасаваны Міністэрству ўнутраных справаў, але на яго адрэагавалі адпіскай. У адказ на зварот, дзе згадваецца папярэджаньне Камітэту правоў чалавека ААН аб магчымым сьмяротным пакараньні, начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Аляксей Бягун адзначае: пэтыцыя прыйшла бяз копіі дакумэнта з пацьверджаньнем паўнамоцтваў прадстаўніка заяўніка.
Мэхрдад Джамшыдыян шмат гадоў таму ўцёк з Ірану ад перасьледу з палітычных прычынаў — і жыве ў Беларусі з 1993 году. Мае ў Менску сям’ю: жонку-беларуску і траіх дзяцей. Прасіў беларускага грамадзянства, але яму адмовілі. У Іране Джамшыдыяну пагражае сьмяротнае пакараньне. З 2009 году ўлады Ірану патрабуюць ягонай выдачы, бо падазраюць у датычнасьці да забойства, што іранец адмаўляе (у час забойства яго не было ў краіне, сьцьвярджае Джамшыдыян). Апрача таго, у Іране яго чакае абвінавачаньне ў вераадступніцве, бо ў Беларусі ён перайшоў з ісламу ў хрысьціянства, а гэта ў Іране лічыцца злачынствам.
Апошнія 9 месяцаў Мэхрдада Джамшыдыяна трымаюць у менскім ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна. Там ён ужо перажыў інфаркт. У сярэдзіне сакавіка ў Дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі МУС ягоным сваякам паведамілі, што на яго атрымалі запыт з Ірану, пасьля чаго было прынятае рашэньне аб дэпартацыі. Пакуль экстрадыцыю аспрэчваюць праз суд, Джамшыдыян застаецца ў Беларусі.