Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казус, а ня крызіс. МЗС Расеі пра замену амбасадара Бабіча ў Беларусі


Былы амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч
Былы амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч

Прызначэньне новага амбасадара ў Беларусі на замену Міхаілу Бабічу ня сьведчыць пра крызіс у стасунках Расеі і Беларусі, перадае ТАСС заяву намесьніка міністра замежных справаў Расеі Грыгорыя Карасіна 3 траўня.

«Я катэгарычна супраць таго, каб усё гэта інтэрпрэтаваць як нейкі крызіс. Нармальны ход. Бываюць у дыпляматычнай практыцы розныя казусы, — расказаў Грыгорый Карасін. — Адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй маюць характар стратэгічнага партнэрства, яны саюзьніцкія».

Паводле яго, цяпер Менск і Масква працуюць над «паглыбленьнем інтэграцыі ў межах «саюзнай дзяржавы», і на будучыя стасункі «трэба глядзець з аптымізмам».

30 красавіка Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб прызначэньні Дзьмітрыя Мезенцава новым амбасадарам Расеі ў Беларусі. Мезенцаў дагэтуль быў генэральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і губэрнатарам Іркуцкай вобласьці. Другім указам кіраўнік дзяржавы вызваліў Міхаіла Бабіча ад абавязкаў пасла Расеі ў Беларусі, а таксама ад пасады адмысловага прадстаўніка Прэзыдэнта Расеі па разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь.

Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія

  • Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
  • 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
  • 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
  • 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
  • 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.
  • 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзьмітры Мезенцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG