Сьвяточныя імпрэзы ў гонар Дня Перамогі пройдуць пад дэвізам «Беларусь памятае». Пра гэта паведаміла начальніца галоўнага ўпраўленьня Міністэрства культуры Ірына Дрыга.
«Сьвяткаваньні 9 траўня аб’яднаныя адзінай тэмай, адзіным дэвізам — „Беларусь памятае“. Гэта абумоўлена тым, што сёлетні год — гэта год 75-годзьдзя вызваленьня Беларусі, і тым, што такая акцыя, як „Беларусь памятае“, якая зарадзілася ў краіне ўжо даўно, стала сапраўды народнай. Штогод людзі зьбіраюцца, ідуць шэсьцем на плошчу Перамогі з партрэтамі герояў, якія вызвалялі Беларусь, партрэтамі сваіх родных і блізкіх», — сказала Ірына Дрыга.
На пытаньне, ці плянуецца сёлета ў Менску акцыя «Несьмяротны полк», прадстаўнікі міністэрстваў абароны, культуры, працы і сацыяльнай абароны, Менскага гарвыканкаму, якія праводзілі прэсавую канфэрэнцыю, адказу не далі — сказалі, што не валодаюць такой інфармацыяй.
Між тым заяўка на такую акцыю была пададзеная ў гарвыканкам у красавіку, адказу няма.
Валер Драко, адзін з заяўнікаў акцыі «Несьмяротны полк» у Менску, сказаў Свабодзе, што яго і іншых актывістаў выклікалі ў Менскі гарвыканкам на 3 траўня.
Што ня так зь «Несьмяротным палком»?
Акцыю «Несьмяротны полк» у Расеі праводзяць з 2013 году. Яе ўдзельнікі масава выкарыстоўваюць расейскія дзяржаўныя сьцягі і георгіеўскія стужкі, якія сталіся сымбалем расейскай агрэсіі ў Крыме і на Данбасе.
Падчас «вялікай размовы» 1 сакавіка Аляксей Дзермант запытаўся ў Аляксандра Лукашэнкі пра акцыю «Несьмяротны полк». Лукашэнка тады адказаў, што ён катэгарычна супраць:
«Не таму, што супраць гэтай акцыі. Гэта бліскучая акцыя, расейская акцыя, мы з прэзыдэнтам Расеі абмяркоўвалі некалькі гадоў таму гэтае пытаньне. Я кажу: „Таксама там вашы нас папракаюць, што мы нібыта забараняем „Несьмяротны полк“. Вы ж у нас, груба сказаў так, перадралі гэтую ідэю“. Памятаеце? „Беларусь памятае“. Вы памятаеце гэтыя акцыі? Я стаў прэзыдэнтам, першая мая была акцыя, і мяне вэтэраны паклікалі ісьці ад унівэрмагу, па-мойму, мы ішлі ад ГУМа да Плошчы Перамогі і ўскладалі заўсёды вянкі. Хто з партрэтамі, хто яшчэ з чымсьці. Чаму мы павінны кінуць сваё „Беларусь памятае“ і схапіцца за „Несьмяротны полк“? Калі па сваёй сутнасьці і нават па зьнешняй форме яны падобныя, яны аднолькавыя».
У 2018 годзе ўлады спачатку не далі дазволу на акцыю «Несьмяротны полк» у Менску, прапанаваўшы ініцыятарам уліцца ў дзяржаўнае шэсьце «Беларусь памятае». Тады пра забарону «Несьмяротнага палку» ў Менску пачалі пісаць расейскія СМІ, яго арганізатары сталі заклікаць прыхільнікаў выйсьці на акцыю без дазволу. У выніку шэсьце дазволілі менш як за дзень да яго правядзеньня.
Дзяржаўныя СМІ праігнаравалі гэтае альтэрнатыўнае шэсьце, а Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ніхто не забараняў ісьці з партрэтамі сваякоў, якія загінулі на вайне, а аб зьмене фармату папрасілі самі вэтэраны. Пры гэтым кіраўнік Беларусі скрытыкаваў тых, хто хоча «прыватызаваць» тэму перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Шэсьця вэтэранаў вайны 9 траўня ў Менску ня будзе
Падчас афіцыйнага сьвяткаваньня Дня Перамогі ў сталіцы Беларусі шэсьце вэтэранаў не прадугледжанае, паведаміла намесьніца старшыні камітэту працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Менскага гарвыканкаму Ірына Дудка:
«На жаль, правесьці такое мерапрыемства проста немагчыма фізычна. Наймаладзейшым удзельнікам вайны, якія жывуць у нашым горадзе, цяпер па 92 гады. Бальшыня вэтэранаў яшчэ старэйшыя, а некаторыя нават пераадолелі 100-гадовы юбілей», — патлумачыла сытуацыю спадарыня Дудка.
Яна дадала, што для вэтэранаў 9 траўня на сьвяточных імпрэзах выдзелена 50 крэслаў на трыбунах каля помніка Перамогі. Некаторыя ўдзельнікі вайны будуць прысутнічаць на сьвяткаваньнях, якія пройдуць у раёнах Менску.
Усяго ў Беларусі па стане на 1 красавіка 2019 году пражывала 6250 вэтэранаў Другой усясьветнай вайны. Гэтую лічбу назваў намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандар Румак. На 1 студзеня 2015 году такіх вэтэранаў было 17 770.
Пэнсіі вэтэранаў вайны ў траўні 2019 году складаюць 530–800 рублёў. А сярэдняя пэнсія па ўзросьце ў траўні плянуецца ў памеры 418,4 рубля.