Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраілі і ў сьвеце ўспамінаюць ахвяраў Галакосту


Машыны спыняюцца ў Тэль-Авіве ў знак памяці пра ахвяраў Галакосту.
Машыны спыняюцца ў Тэль-Авіве ў знак памяці пра ахвяраў Галакосту.

У Ізраілі праходзяць цырымоніі, прысьвечаныя Дню памяці пра ахвяраў Галакосту. 6 мільёнаў габрэяў — ахвяраў нацысцкага генацыду — успамінаюць таксама ў былым лягеры сьмерці Асьвенцім, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы.

У дзесяць гадзін раніцы жыхары Ізраілю пачулі гукі сырэнаў, па ўсёй краіне на хвіліну смутку і маўчаньня прыпыніўся рух. У сувязі зь Днём памяці ахвяраў Галакосту ў Тэль-Авіве і ў іншых вялікіх гарадах у сераду ўвечары сталі закрывацца рэстараны, бары і іншыя забаўляльныя ўстановы.

Мясцовыя СМІ адзначаюць, што памінальныя цырымоніі прайшлі ў школах, ваенных базах і іншых дзяржустановах. Акрамя гэтага ў сераду ўвечары дзяржаўныя дзеячы Ізраілю ўсклалі кветкі да помніку ахвяраў паўстаньня ў Варшаўскім гета ў музэі Яд-Вашэм у Іерусаліме.

На гэтай цырымоніі прысутнічаў прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу. Ён заявіў, што Ізраіль «ня будзе прыносіць сябе ў ахвяру, знаходзячыся перад пагрозай зьнішчэньня». Нэтаньягу таксама раскрытыкаваў дзеяньні Ірану і перасьцярог Эўропу перад ростам антысэмітызму.

У чацьвер у былым нацысцкім канцлягеры ў польскім горадзе Асьвенцім праходзіць так званы «Марш жывых». У штогадовым мерапрыемстве ўдзельнічаюць габрэі, якія перажылі Галакост.

Дзень памяці пра ахвяраў Галакосту — нацыянальны дзень памяці і жалобы ў Ізраілі і за яго межамі, усталяваны Кнэсэтам у 1951 годзе. У гэты дзень па ўсім сьвеце ўспамінаюць габрэяў, якія сталі ахвярамі генацыду. Дзень памяці праходзіць кожны год 27 нісана па габрэйскім календары, што адпавядае канцу красавіка ці пачатку траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG