Дзярждэпартамэнт ЗША і МЗС Беларусі ў Дзень памяці ахвяраў Галакосту ўпершыню правялі супольную імпрэзу, прысьвечаную памяці ахвяраў Менскага гета. Імпрэза прайшла ў Вашынгтоне 1 траўня.
Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, у сустрэчы прынялі ўдзел больш за 100 чалавек, сярод іх прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту і іншых органаў дзяржаўнага кіраваньня ЗША, габрэйскіх арганізацый, дыпляматы, журналісты. Адмысловымі гасьцямі сталі былы вязень Менскага гета, падпольшчык, вэтэран вайны Савелій Каплінскі і Сьвятлана Гебелева, дачка кіраўніка падпольля ў Менскім гета Міхаіла Гебелева.
Да ўдзельнікаў імпрэзы зьвярнуліся намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка і выканаўца абавязкаў памочніка Дзяржсакратара ЗША ў эўрапейскіх і эўразійскіх справах Філіп Рыкер.
У залі Цэнтру дыпляматыі Дзярждэпартамэнту зрабілі тэматычную фотавыставу на аснове матэрыялаў, якія падрыхтаваў Беларускім дзяржаўны музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выстава будзе працаваць на працягу наступнага тыдня.
Пасьля прагляду фільма «Хроніка Менскага гета» прайшла інтэрактыўная дыскусія з Савеліем Каплінскім, які адказаў на шматлікія пытаньні ўдзельнікаў.
«Памятная падзея дазволіла прыцягнуць увагу амэрыканскай і міжнароднай грамадзкасьці да сыстэмных намаганьняў беларускай дзяржавы па захаваньні памяці пра ахвяраў і герояў Другой сусьветнай вайны», — адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы.