Падчас пагрому ў Ядвабнэ 10 ліпеня 1941 года загінула 340 чалавек. Распачаць эксгумацыю ахвяраў быў гатовы Інстытут нацыянальнай памяці. Але пракуратура ня ўбачыла такой неабходнасьці.
Пракуратура заяўляе, што няма новых акалічнасьцяў, якія б далі падставу да аднаўленьня сьледзтва ў гэтай справе. Сьледзтва было спыненае ў 2003 годзе, калі не ўдалося знайсьці дастатковых доказаў, што ў забойстве бралі ўдзел асобы, якія за гэта яшчэ не былі асуджаныя.
У ліпені 1941 году Ядвабнэ знаходзілася ў Ломжынскім раёне Беластоцкай вобласьці, на акупаванай немцамі тэрыторыі БССР, якую бальшавікі, у сваю чаргу, далучылі ў верасьні 1939 году, пасьля нападу на Польшчу. Ломжынскі раён быў створаны па польскай этнічнай тэрыторыі.
Як вынікае са сьледзтва Інстытуту нацыянальнай памяці, каля 40 мясцовых палякаў забілі ня менш за 340 габрэяў. Паводле ІНП, «вырашальную ролю» у злачынстве адыгралі палякі, але натхняльнікамі былі немцы. 300 чалавек забойцы спалілі ў гумне, 40 чалавек былі забітыя на гарадзкой плошчы.
На думку гісторыка Андрэя Катлярчука, дацэнта ўнівэрсытэту Сэдэртарна ў Швэцыі, пагром у Ядвабнэ — гэта першы выпадак Галакосту на тэрыторыі БССР. «Немцы за ўсім назіралі, але нічога не рабілі», — сказаў ён летась у інтэрвію Свабодзе.
«Рэй там вялі мясцовыя, сярод іншых супрацоўнікі раённага НКВД. Яны думалі, што так могуць выслужыцца перад немцамі. Перадусім гэта Ежы Ляўданьскі, Караль Бардан. Яны сапраўды сталі нямецкімі жандарамі. Бо ў нас пануе перакананьне, што ўсё НКВД было ў партызанскіх зьвязах і што немцы ўсіх зьнішчалі», — сказаў Катлярчук.
У лютым пра магчымасьць эксгумацыі сказаў кіраўнік ІНП Яраслаў Шарэк, адказваючы на пытаньне журналіста, які выказаў думку, што эксгумацыя змагла б адказаць на многія пытаньні пра трагедыю ў Ядвабнэ, якія дагэтуль невядомыя. Умовай для пачатку працаў у Ядвабнэ, на яго думку, зьяўляецца рашэньне пракуратуры.
У Польчшы вакол злачынства ў Ядвабнэ дыскусіі гісторыкаў парцягваюцца дагэтуль. Частка гісторыкаў сьцьвярджае, што польскае насельніцтва ня можа адказваць за забойства 340 габрэяў, паколькі дзейнічала па загадзе нямецкіх акупантаў.