Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яшчэ тут беларусы замітусіліся». Літоўскі палітык выступіў супраць беларускай мовы на магілах паўстанцаў Каліноўскага


Віленскія могілкі Росы
Віленскія могілкі Росы

Былы міністар замежных справаў Літвы і кандыдат літоўскіх кансэрватараў на выбарах у Эўрапейскі парлямэнт Аўдронюс Ажубаліс выступіў супраць беларускай і польскай моваў на магілах паўстанцаў 1863–​1864 гадоў, якіх сёлета пахаваюць на віленскіх могілках Росы.

Сваю пазыцыю літоўскі палітык патлумачыў у артыкуле на сайце delfi.lt

«Літва ў Літве робіць перапахаваньне герояў, і надпісы над іхнымі трунамі маюць быць па-літоўску, бо іначай гэта будзе не дзяржаўнае пахаваньне, калі дзяржаўнай мове патрэбны „спадарожнікі“», — піша Ажубаліс.

Літоўскі палітык лічыць, што, магчыма, дапушчальна было б падпісаць шыльды на польскай мове, паколькі на гэтай мове свае імёны пісалі і самі паўстанцы. Але ён зьвяртае ўвагу, што ў Літве ёсьць уласная традыцыя пісаць і польскія імёны па-літоўску, а адмаўленьне ад гэтай традыцыі Ажубаліс назваў зьнішчэньнем «падмурку, які сьведчыць пра самапавагу Нацыі».

Аўдронюс Ажубаліс
Аўдронюс Ажубаліс

«Яшчэ тут суседзі-беларусы замітусіліся і патрабуюць, каб хаця б прозьвішча Кастуся Каліноўскага было і па-беларуску напісана. Напісаньне прозьвішчаў трыма мовамі — несур’ёзна. Адзін чалавек — тры прозьвішчы, як у музэі, каб усім наведнікам было ўсё ясна. Толькі, бачыце, гэта не інфармацыйная шыльдачка музэйнага экспаната, гэта пантэон змагароў за свабоду Літвы (а яе яны ўсе разумелі ў катэгорыях таго часу) ад маскаліі», — працягвае былы літоўскі міністар.

Далей Ажубаліс адказвае ініцыятарам трохмоўных шыльдаў, якія сваё рашэньне абгрунтоўваюць запісаньнем імёнаў паўстанцаў паводле царкоўных кніг ці як яны самі падпісваліся.

«Калі так, то тады, браточкі, мецьмем працу па ўсёй Літве. Цікава, як бы ў Польшчы адрэагавалі на просьбу Літвы, каб на магіле Чэслава Мілаша былі надпісы на дзьвюх мовах, не кажу ўжо пра Беларусь, дзе як грыбы пасьля дажджу зьяўляюцца гедзіміны і міндовгі», — задае рытарычнае пытаньне Ажубаліс.

Свой артыкул былы міністар замежных справаў завяршае думкай, што гістарычная палітыка Літвы «павінна быць адпорнай на патоп прапаганды з суседніх дзяржаваў і на фальсыфікацыі літоўскай гісторыі».

«Гістарычная палітыка патрэбна ня толькі дзеля таго, каб мы паразумеліся міжсобку і засталіся сьвядомымі грамадзянамі дзяржавы, але і дзеля таго, каб Літва годна паразумелася з партнэрамі, не прыніжаючыся, не ахвяруючы гістарычнаю праўдаю дзеля кароткачасовай карысьці і не губляючы годнасьці дзяржавы», — піша Аўдронюс Ажубаліс.

Пра тое, што імёны паўстанцаў будуць напісаныя на літоўскай, польскай і беларускай мовах, стала вядома 15 красавіка. Спачатку меркавалася зрабіць надпісы толькі па-літоўску і па-польску. Але ўраду Літвы быў перададзены зварот больш як 500 грамадзкіх дзеячоў Беларусі, якія настойвалі на ўшанаваньні паўстанцаў 1863-1864 гадоў у тым ліку на беларускай мове.

Падчас раскопак на гары Гедзіміна
Падчас раскопак на гары Гедзіміна

На гары Гедзіміна знайшлі парэшткі 20 з 21 пакараных паўстанцаў. Парэшткі Кастуся Каліноўскага ідэнтыфікаваныя з пэўнасьцю на 95%. На ўрачыстую цырымонію перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў, знойдзеных летась на гары Гедзіміна ў Вільні, будуць запрошаныя найвышэйшыя службовыя асобы Беларусі, Польшчы і Ўкраіны.

Мэмарыяльныя ўрачыстасьці заплянаваныя на дзень ушанаваньня памерлых продкаў — Дзяды, 2 лістапада 2019 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG