Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім распавяла, як Лукашэнка выбачаўся за тое, што пераблытаў яе імя


Алена Анісім, архіўнае фота
Алена Анісім, архіўнае фота

Гісторыя пра тое, як Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў за пяць хвілін прылюдна назваў дэпутатку Алену Анісім Тацянай, атрымала працяг.

Пасьля завяршэньня пасланьня Аляксандра Лукашэнкі да Нацыянальнага сходу і заканчэньня жывой тэлетрансьляцыі ён папрасіў у Анісім прабачэньня. Гледачы гэтага не пабачылі.

Пра тое, што засталося за кадрам, Свабодзе распавяла Алена Анісім.

«Я ня мела ніякай крыўды. Разумею, што агаварыцца можа любы чалавек. Нават прэзыдэнт. Таму пасьля завяршэньня выступу спакойна выйшла ў фае. Калі Лукашэнка выходзіў з Авальнай залі, многія да яго адразу падбеглі. Я ж стаяла на месцы. Ён сам падышоў да мяне разам з усёй сваёй сьвітай і папрасіў прабачэньня: „Я ж ведаю, што ты Лена, а мне зараз сказалі, што я цябе Таняй называў“», — пераказвае словы Лукашэнкі дэпутатка Анісім.

Яна дадала, што Лукашэнка сказаў ёй, што ў яго была дзяўчына Тацяна, якую ён любіў:

«Ён паціснуў мне руку. А я тут жа адказваю: значыць, атрымліваецца, што я трапіла ў шэрагі вашых любімчыкаў? Лукашэнка на гэта адказаў: ну, ня ворагаў жа».

Дэпутатка Алена Анісім пасьля пасланьня запыталася ў Аляксандра Лукашэнкі пра магчымасьць усталяваць помнікі дзеячам БССР Чарвякову, Жылуновічу і Ігнатоўскаму. Лукашэнка адказаў, што ён гэтага не падтрымлівае. Падчас адказу ён некалькі разоў назваў Алену Анісім Тацянай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG