Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такія «тарбешнікі» і «яйкагаловыя». Слоўнік Лукашэнкі ў карцінках


Падчас пасланьня да народу і парлямэнту, якое доўжылася амаль тры гадзіны, Аляксандар Лукашэнка ўжыў некалькі незвычайных выразаў. Свабода склала слоўнік, каб было прасьцей разабрацца, што Лукашэнка меў на ўвазе.

У межах пасланьня да народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка прыгадаў і дробны бізнэс, і АЭС, і нават «дохлую» апазыцыю. Некаторыя выразы перакласьці было няпроста, але мы паспрабавалі.

«Драбната і тарбешнікі» — дробны і сярэдні бізнэс

На думку Лукашэнкі, для дробнага і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі ёсьць усе ўмовы.

«Апошнім часам мы толькі і чуем у грамадзтве пра малы і сярэдні бізнэс. Але давайце ня будзем граху таіць, у што ператвараюцца нашы заклікі да малога і сярэдняга бізнэсу. Да „тарбешнікаў“ і „мяшэчнікаў“. Нам гэтая пэрспэктыва патрэбная? Не. Хто хоча займацца дробнымі рэчамі і рамяством, займайцеся. Мы стварылі для іх умовы. Некаторыя кажуць: ну давайце „драбната“ няхай працуе. Але мы забываем пра буйныя вытворчасьці», — сказаў Лукашэнка.

«Яйкагаловыя» — прадстаўнікі IT-сфэры

Падчас пасланьня Лукашэнка прыгадаў, як наведваў Парк высокіх тэхналёгій (ПВТ) 12 красавіка. Па яго словах, там былі «дэбаты» з «нашымі, як я кажу, па-народнаму, разумнымі яйкагаловымі».

«Мацерныя і нямацерныя паняткі» — дыгіталізацыя і іншыя працэсы ў ІТ-сфэры

«Гэтая ўся цыфравізацыя, кампутары будуць служыць чалавеку. Ня трэба перад сабой, як штору, вывешваць гэтую цыфравізацыю ды іншыя паняцьці, мацерныя і нямацерныя», — сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе працэсы ў IT-сферы.

«Тацяна» — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім

Дэпутатка Алена Анісім запыталася ў Аляксандра Лукашэнкі пра магчымасьць усталяваць помнікі дзеячам БССР Чарвякову, Жылуновічу і Ігнатоўскаму. Лукашэнка сказаў, што ён гэтага не падтрымлівае. Падчас адказу ён некалькі разоў назваў Алену Анісім Тацянай.

«Выконвайце хуткасны рэжым» — фраза, незразумелая чалавеку з Расеі

Падчас пасланьня Аляксандар Лукашэнка прыгадаў дарожныя знакі, на якіх напісана па-беларуску. На яго думку, чалавек з Расеі і расейскамоўныя беларусы гэтага могуць не зразумець.

«Я па трасе еду прэзыдэнцкай, там напісана: „Выконвайце хуткасны рэжым“. Я зразумею, яшчэ нехта зразумее, а расіяне не зразумеюць... Падумаюць зноў пра „рэжым Лукашэнкі“. Давялося вярнуць», — сказаў ён.

«Аблянелі» — стан, у якім людзі абленаваліся і ня хочуць саджаць дрэвы

Лукашэнка абурыўся, што людзі «аблянелі» і ня хочуць саджаць дрэвы і наогул сачыць за ляндшафтамі. Згадаў, што ён сам перасаджвае дрэвы.

Такога слова няма ў слоўніках літаратурнай расейскай мовы, ёсьць хіба «обленились». Але ўжываньне гэткай формы трапляецца ў тэкстах, напісаных звычайнымі карыстальнікамі форумаў, яно зафіксаванае ў дыялектах заходніх рэгіёнаў Расеі, блізкіх да Беларусі — напрыклад, Цьвершчыны. Сустракаецца і ў беларускай мове як аказіяналізм, у прыватнасьці, у тэкстах Рыгора Барадуліна.

«Асобная размова» — тэма зносу крыжоў у Курапатах

На пасланьні Лукашэнка прыгадаў скандальны знос крыжоў на месцы масавых расстрэлаў у Курапатах. Ён пацікавіўся, хто дазваляў там ставіць крыжы, і рэзка закрыў тэму, сказаў, што «гэта асобная размова».

«Людзі зь дзяржаўнымі мазгамі» — прадстаўнікі аб’яднаньня «Белая Русь»

Падчас пасланьня Лукашэнка наракаў, што прадзяржаўныя грамадзкія аб’яднаньні не даюць маладыя кадры для ўладнай вэртыкалі, як некалі камуністычная партыя. І назваў сяброў «Белай Русі» людзьмі зь дзяржаўнымі мазгамі.

«Дохлая апазыцыя» — прадстаўнікі апазыцыі Беларусі, якія не вядуць актыўных дзеяньняў у інтэрнэце

Падчас пасланьня Лукашэнка прыгадаў таксама апазыцыю. Маўляў, баяцца яе ня варта.

«„Дохлая апазыцыя“ мяне не палохае, але ўсім іншым „змагарам“ трэба даваць адэкватны адказ», — сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе дзейнасьць у інтэрнэце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG