Пра гэта ён сказаў, адказваючы на пытаньне дэпутаткі Алене Анісім. Лукашэнка некалькі разоў памылкова назваў яе Тацянай.
Дэпутатка Алена Анісім запыталася пра ўстаноўку помнікаў дзеячам БССР Аляксандру Чарвякову, Зьмітру Жалуновічу, Усеваладу Ігнатоўскаму. Яна спытала пра помнікі дзяржаўным дзеячам БССР, бо сёлета якраз адзначалася 100 гадоў Савецкай Беларусі.
Лукашэнка сказаў, што ён праціўнік узьвядзеньня новых помнікаў, таму хай пра гэта падумае «новы прэзыдэнт». Асабіста ён ня будзе падтрымліваць такой ініцыятывы, бо хапае іншых праблемаў.
«Я супраць барацьбы з помнікамі, але я і катэгарычна супраць будаўніцтва новых помнікаў. Я не прыхільнік гэтага», — сказаў Лукашэнка.
Пры гэтым за апошнія некалькі гадоў толькі ў Менску зьявілася некалькі скульптур. У тым ліку скульптура гарадавому, за абразу якой ня раз затрымлівалі людзей. А таксама скульптура каровы на Камароўскім рынку, пра неабходнасьць вырабу якой казаў асабіста Лукашэнка.
Аляксандар Лукашэнка казаў пра «помнік карове» яшчэ ў 2012 годзе, калі абмяркоўваў пабудову кароўнікаў у Астравецкім раёне. Праўда, калі ён казаў, што карове, як «сьвятой жывёле», трэба паставіць помнік, ён паказваў пальцам на дакумэнтацыю аб кароўніках.