Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах прайшло крыжовае шэсьце і малебен з удзелам каля трох дзясяткаў чалавек


Удзельнікі крыжовага шэсьця спусьціліся з цэнтральнага пагорка ў Курапатах, так званай Галгофы, да ўваходу на тэрыторыю народнага мэмарыялу, а затым зноў падняліся на Галгофу. Малітву прачытаў сьвятар некананічнай Беларускай аўтакефальнай царквы Леанід Акаловіч. Удзельнікі набажэнства сьпявалі песьні, у тым ліку гімн «Магутны Божа».

У крыжовым шэсьці ўдзельнічалі палітыкі Павел Севярынец, Алесь Чахольскі, актывісты Ганна Шапуцька, Ніна Багінская, Валерый Рабцаў і іншыя.

За падзеямі назіралі два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Малітвы ў абарону Курапатаў рэгулярна праводзяцца ва ўрочышчы пасьля таго, як 4 красавіка тут паводле рашэньня ўладаў былі зьнесеныя і вывезеныя ў невядомым накірунку 70 шасьцімэтровых крыжоў. Гэтыя дзеяньні выклікалі нэгатыўны рэзананс у грамадзтве. Знос крыжоў асудзілі прадстаўнікі розных канфэсій.

Ад 4 да 7 красавіка пры розных абставінах, так або інакш зьвязаных з Курапатамі, было затрымана каля 20 чалавек, частку зь іх судзілі, пакараўшы адміністратыўнымі арыштамі і буйнымі штрафамі. 10 красавіка абаронцы Курапатаў перадалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта адкрыты зварот на імя Лукашэнкі з заклікам вярнуць на месца дэмантаваныя крыжы.

Аднак 13 красавіка былі зьнесеныя новыя крыжы — гэтым разам 24 мэталічныя, усталяваныя ў 2017 годзе на грошы грамадзкасьці. Вакол урочышча быў усталяваны плот з уваходнымі аркамі.

20 красавіка Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытаньні журналістаў, заявіў, што ня варта перабольшваць

палітызацыі адпаведнай тэматыкі. Гаворачы аб «навядзеньні у Курапатах парадку», ён адзначыў: «Якія да мяне прэтэнзіі? Мяне папрасілі, запатрабавалі, мяне папракалі пастаянна, чаму там няма парадку. Але і на „Вялікай размове“ я сказаў: „Добра, калі на тое пайшло, трэба прэзыдэнту і тут парадак навесьці, я паспрабую“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG