Вецер на Сахары ўздымае тоны пылу і перамяшчае ў бок Эўропы. Найбуйнейшую за апошнія некалькі гадоў пяшчаную буру можна пабачыць на здымках NASA.
Сёньня пыл з Афрыкі могуць адчуць у Польшчы. Ён будзе асядаць на аўтамабілях і вокнах, а таксама можа паўплываць на самаадчуваньне алергікаў.
Як паведамляе Белгідрамэт, ня выключана, што пыл з Афрыкі паўплывае на стан паветра і ў Беларусі. Але ў найбліжэйшы час істотнага павелічэньня яго колькасьці не прагназуецца.
Палякі могуць адчуваць пыл з Афрыкі да пятніцы, але да Беларусі ён можа і не дайсьці, паколькі паветраныя масы на тэрыторыю краіны паступаюць з усходу Ўкраіны, а ня з боку Польшчы. Тым ня менш яго пранікненьня ў Беларусь у Белгідрамэце не выключаюць.
«Праз асаблівасьці трансгранічнага пераносу пылу на далёкія адлегласьці спэцыялісты ўсё ж не выключаюць магчымасьць таго, што яго колькасьць у паветры павялічыцца. Цяпер у многіх гарадах Беларусі, дзе праводзяцца назіраньні за станам атмасфэрнага паветра, сапраўды назіраецца павышаны ўзровень забруджваньня паветра цьвёрдымі крупінкамі (пылам). Асноўная прычына ў тым, што ў краіне на працягу доўгага пэрыяду адсутнічаюць ападкі», — паведамляюць беларускія мэтэаролягі.
Учора слупы пылу сталі прычынай ДТЗ у Мазавецкім ваяводзтве, у Польшчы.