Заслужаны трэнэр СССР і БССР, заслужаны дзеяч фізычнай культуры Беларусі, настаўнік алімпійскіх чэмпіёнак Алены Валчэцкай і Вольгі Корбут Рэнальд Кныш памёр у Горадні ноччу 19 красавіка на 87-м годзе жыцьця, паведамляе Hrodna.Life са спасылкай на жонку Кныша Вольгі.
Інфармацыю пра сьмерць Кныша Свабодзе пацьвердзілі ў Міністэрстве спорту і турызму Беларусі.
Рэнальд Кныш нарадзіўся ў 1931 годзе ў Капылі на Меншчыне. Ратуючыся ад рэпрэсіяў, у 1937-м галава сям’і Іван Пятровіч перавёз жонку Любоў Ціханаўну і дзяцей Зарэму і Рэнальда пад Жлобін, у вёску Старая Рудня. З пачаткам вайны — эвакуацыя ў пасёлак Лапаз Чкалаўскай вобласьці. У 1944-м — вяртаньне ў Беларусь і пераезд у Горадню, куды бацьку накіравалі загадчыкам аддзелу адукацыі. У 1950-м скончыў СШ № 1 і паступіў на фізыка-матэматычны факультэт мясцовага пэдінстытуту, праз год перавёўся ў Менскі інстытут фізкультуры.
З 1953 году — трэнэр у спартовай гімнастыцы ў горадзенскай дзіцячай спартовай школе № 3 у сэкцыі спартовай гімнастыкі. За час сваёй працы трэнэрам ён вынайшаў каля 30 новых элемэнтаў у спартовай гімнастыцы, за што быў уганараваны званьнем «Заслужаны трэнэр СССР».
За час сваёй трэнэрскай дзейнасьці Кныш падрыхтаваў, чэмпіёнку СССР Тамару Аляксееву, двух алімпійскіх чэмпіёнак Алену Валчэцкую і Вольгу Корбут. Вучаніцы Кныша прынесьлі зборнай СССР пяць залатых мэдалёў Алімпіядаў: Ваўчэцкая стала першай гарадзенскай алімпійскай чэмпіёнкай, а Корбут — першай жанчынай СССР з тытулам «Лепшая спартоўка сьвету».
Заслужаны трэнэр БССР і СССР, заслужаны дзеяч фізычнай культуры Беларусі. У 1972 годзе стаў Ганаровым грамадзянінам Горадні.
Пасьля Алімпійскіх гульняў 1980 году і канфлікту з Вольгай Корбут быў вымушаны пакінуць спорт. Корбут у канцы 1990-х напісала кнігу, у якой расказала пра сэксуальныя дамаганьні свайго трэнэра падчас гульняў у Мюнхэне. Рэнальд Кныш называў гэта паклёпам.
Пасьля Кныш жыў у Мінэральных Водах, Таліне, Калінінградзе. У 1989 годзе ён вярнуўся ў Горадню і жыў там да апошніх дзён. Выдаў шэраг паэтычных зборнікаў і вершаваных раманаў. Аўтар дапаможнікаў «Як рабіць алімпійскіх чэмпіёнаў», «У цені спорту» і г. д.