Суд часткова задаволіў пазовы ў справе аб разбурэньні надмагільляў на Вайсковых могілках.
Суд Фрунзенскага раёну Менску часткова задаволіў пазоў да спэцкамбінату КБА, зь якім зьвярнуліся ў суд жыхары Менску Данат Яканюк, Ірына Маркевіч і Анжаліка Сяргеева. Ім выплацяць па 1 тысячы рублёў кампэнсацыі і пакрыюць судовыя выдаткі. Вёў працэс судзьдзя Аляксандар Брычкоў.
Помнікі на магілах сваякоў пазоўнікаў былі разламаныя падчас добраўпарадкаваньня, якое праводзілі ў 2018 годзе працаўнікі спэцкамбінату КБА.
У адным выпадку была зламаная агароджа і крыжы, у двух іншых — таксама былі зьнішчаныя надмагільныя помнікі. Пазоўнікі казалі, што ім была нанесеная маральная шкода, даказвалі, што іх нават не папярэдзілі пра тое, што на магілах будуць праводзіцца працы, і прасілі спагнаць з спэцкамбінату КБА грашовую кампэнсацыю — па 10 тысяч рублёў кожнаму. Суд задаволіў пазовы часткова.
«Галоўнае, што суд пацьвердзіў: па-першае, спэцкамбінат парушыў закон, па-другое, праўда была на нашым баку», — пракамэнтаваў рашэньне суду Данат Яканюк.
Як праходзілі судовыя спрэчкі?
Сёньня ў судовых спрэчках бакі паўтарылі свае ранейшыя пазыцыі. Пазоўнікі настойвалі на кампэнсацыі маральнай шкоды, казалі пра парушэньне спэцкамбінатам КБА Кодэксу аб культуры і закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе» ды іншых нормаў заканадаўства.
Данат Яканюк назваў грамадзкай і маральнай шкодай і тое, што «надгалоўнікі», якія былі ўсталяваныя спэцкамбінатам КБА на месцы зьнесеных помнікаў, у выніку аказаліся без крыжоў, хоць раней на гэтых магілах крыжы былі. У прыватнасьці, крыжы былі ўсталяваныя на магілах, якія даглядалі Ірына Маркевіч і Анжаліка Сяргеева, але нават іх выявы на новых помніках не зьявіліся.
Прадстаўнік пазоўніка Валер Жук адносна крыжоў сказаў, што супрацоўнікі спэцкамбінату КДБ плянавалі пазначыць выявамі крыжоў тыя «надгалоўнікі», якія былі ўсталяваныя на месцы помнікаў з крыжамі. «Але пракуратура вынесла прадстаўленьне аб прыпыненьні працаў на Вайсковых могілках, і таму зрабіць гэта не пасьпелі», — патлумачыў Валер Жук.
Пра зьнішчэньне крыжа і агароджы вакол магілы сьвятара Сяргея Туроўскага прадстаўнік спэцкамбінату КБА сказаў, што «гэта была ініцыятыва настаяцеля царквы Мікалая Коржыча», а супрацоўнікі спэцкамбінату КБА яе толькі выканалі, таму яны ня могуць несьці за гэта адказнасьць.
«Ніякай гаворкі аб вандалізьме і зьнявазе помнікаў быць ня можа», — заявіў у канцы сваёй прамовы Валер Жук.
Ён таксама спаслаўся на тое, што няма дакумэнтальных доказаў таго, што ў магілах, за якімі наглядала Ірына Маркевіч, пахаваныя тыя асобы, імёны якія былі пазначаны на помніках. Маўляў, у архівах няма адпаведных папер.
А пра пазоўніка Даната Яканюка Валер Жук выказаў такую вэрсію: той нібыта не дамовіўся наконт грашовай кампэнсацыі за разбураную агароджу з настаяцелем царквы, таму і падаў у суд на спэцкамбінат КБА. «Мараль тут ні пры чым, проста не сышліся ў цане», — сказаў Валер Жук. Крыніцу, якая нібыта чула размову Даната Яканюка з настаяцелем царквы Аляксандра Неўскага, ён, аднак, не назваў.
«Бабулькі ня пойдуць у суд. Яны будуць проста сядзець каля сваіх магіл і плакаць», — сказала ў судовых спрэчках пазоўніца Анжаліка Сяргеева. Яна лічыць, шмат хто яшчэ далучыўся б да іх пазову, але гэта старыя людзі, у якіх на судовыя справы няма сіл і сродкаў.
Пазоўніца мяркуе, што спэцкамбінат КБА працаваў на Вайсковых могілках непрафэсійна.
«Можна было зьнішчыць карані дрэва і пень хімічнымі сродкамі, гэта вядомы мэтад, ня шкодны зямлі і расьлінам, і нашы помнікі б захаваліся, але яны пра гэта нават не задумваліся», — сказала Анжаліка Сяргеева пра кіраўніцтва спэцкамбінату КБА.
Цікава, што прадстаўнік пракуратуры ў спрэчках пагадзіўся з тым, што спэцкамбінат КБА парушыў нормы закону, але пры гэтым заявіў, што пазоўнікі не прадставілі доказаў нанясеньня ім маральнай шкоды.
«Прашу суд у задавальненьні пазову аб грашовай кампэнсацыі маральнай шкоды адмовіць», — сказаў пракурор Раманюк.
Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Менску — адзін з самых старых нэкропаляў беларускай сталіцы, яны маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году, асьвячэньне могілак адбылося ў 1895 годзе.