17 красавіка курс даляра ў Беларусі абнавіў гадавы мінімум — зьнізіўся да 2,0953 рубля. 18 красавіка даляр нязначна падаражэў — да 2,0957 рубля.
Ад пачатку году ранейшае падзеньне даляра адбылося 22 сакавіка — да 2,0963 рубля.
Што адбываецца з далярам у Беларусі? Куды ён будзе рухацца далей — уверх ці ўніз?
«Гэта чыста зьнешнія эфэкты»
Паводле старшага фінансавага аналітыка кампаніі «Альпары» Вадзіма Іосуба, падзеньне даляра адносна беларускага рубля зьвязанае з падзеньнем даляра адносна рубля расейскага.
«Беларускі валютны рынак даволі моцна рэагуе на зьмены расейскага рубля да іншых сусьветных валютаў.
У мінулым годзе была адваротная тэндэнцыя — расейскі рубель моцна падаў. У выніку летась у нас даляр і эўра адносна беларускага рубля падаражэлі, а расейскі рубель патаньнеў. Гэта была проста рэакцыя на ваганьні расейскага рубля.
Ад Новага году ў Расеі адваротная тэндэнцыя: расейскі рубель умацоўваецца. Даляр у Расеі ад Новага году патаньнеў з 70 да 64 расейскіх рублёў. Эўра абнаўляе мінімум з траўня мінулага году.
Гэта аўтаматычна прыводзіць да аслабленьне даляр і эўра і ў Беларусі. Прычым, як і летась, з самім беларускім рублём пры гэтым нічога не адбываецца. Гэта чыста зьнешнія эфэкты, якія непазьбежныя з улікам структуры нашага зьнешняга гандлю і долі расейскага рубля ў ёй».
Што будзе далей?
Паводле Вадзіма Іосуба, умацаваньне расейскага рубля зьвязанае зь дзьвюма асноўнымі прычынамі. Гэта, найперш, устойлівы рост кошту нафты. З канца мінулага году барэль маркі Brent у сьвеце падаражэў прыблізна на 40%.
Другая прычына ўмацаваньня расейскага рубля — ЗША не ўвялі новыя жорсткія фінансавыя санкцыі, якімі палохалі Расею. Міжнародныя інвэстары, напужаныя ў красавіку і жніўні мінулага году, сталі вяртацца ў Расею.
«Для таго каб гэты рост курсу расейскага рубля перарваўся, павінна адбыцца адно з двух: альбо рэзкі абвал на рынку нафты, альбо ўвядзеньне новых жорсткіх фінансавых санкцый супраць Расеі. Ні тое, ні другое прадказаць нельга. Таму цяжка прадказаць, калі наогул скончыцца падзеньне даляра да беларускага рубля», — лічыць фінансавы аналітык.
Вадзім Іосуб раіць грамадзянам дывэрсыфікаваць свае зьберажэньні па розных валютах. Палову можна захоўваць на дэпазыце ў беларускіх рублях, другую палову пароўну падзяліць паміж далярам і эўра.
«На наступным тыдні рубель зноў будзе дэвальвавацца»
Прафэсар Барыс Жаліба мяркуе, што зь беларускім рублём нічога надзвычайнага не адбываецца.
«Прычына такіх лякальных пераменаў курсу стандартная. Раней таксама былі лякальныя ваганьні даляра да беларускага рубля.
На біржы попыт на валюту стаў меншы, чым прапанова. Адсюль пэўная рэвальвацыя беларускага рубля. Калі павялічылася прапанова валюты, то гэта азначае, што нядрэнна выглядае сытуацыя з экспартам.
Але ў многіх прадпрыемстваў фінансавы стан такі, што яны могуць набыць абмежаваную колькасьць даляраў.
Таксама ўплывае курс расейскага рубля да даляра.
У выніку беларускі рубель часова ўзмацніўся. Але ўжо на наступным тыдні ён зноў будзе дэвальвавацца. Такія лякальныя ваганьні не паўплываюць на нашу эканоміку».
«Глябальная тэндэнцыя на дэвальвацыю беларускага рубля захаваецца»
У 2018 годзе дэвальвацыя беларускага рубля адносна даляра склала 9,5%. Які ўзровень чакаецца сёлета?
Паводле Барыса Жалібы, прагназаваць складана, бо ёсьць дзясяткі фактараў, якія могуць паўплываць на той жа расейскі рубель.
«Якой будзе дынаміка ўсясьветных цэнаў на нафту, ніхто ня можа прадказаць. Калі амэрыканскія санкцыі дрэнна паўплываюць на эканоміку Расеі, то яны нэгатыўна адаб'юцца і на курсе беларускага рубля.
Але такая глябальная тэндэнцыя на дэвальвацыю беларускага рубля адносна даляра і эўра захаваецца ў гэтым годзе. Магчыма, гэта ня будзе 9,5%, як летась, а меней».