Польшча і ЗША могуць хутка прыйсьці да згоды ў справе будаўніцтва ў Польшчы амэрыканскай ваеннай базы. Пра гэта паведамляе выданьне Bloomberg са спасылкай на ўласныя крыніцы. Тэма ваеннай базы ЗША абмяркоўваецца зь верасьня мінулага году, калі прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда прапанаваў ідэю яе будаўніцтва Дональду Трампу.
Па словах крыніц Bloomberg, адміністрацыя прэзыдэнта ЗША пакуль гатовая прапанаваць Варшаве павелічэньне амэрыканскага кантынгенту ў Польшчы. Цяпер у краіне дыслякаваныя чатыры тысячы амэрыканскіх салдат.
Пры гэтым па пытаньні будаўніцтва базы ў Польшчы ў Вашынгтоне ўжо пачаліся міжведамасныя перамовы, сьцьвярджаюць суразмоўцы Bloomberg. Актыўную ролю ў гэтым працэсе нібыта прымае дарадца Трампа ў справах нацыянальнай бясьпекі Джон Болтан.
Прэзыдэнт ЗША нібыта яшчэ не прыняў канчатковага рашэньня з гэтай нагоды, але пакуль выказваў незадаволенасьць тым, што асобныя краіны NATO вылучаюць занадта мала сродкаў на свае абаронныя бюджэты. Акрамя гэтага ананімныя крыніцы сьцьвярджаюць, што Трамп зьбіраецца прымусіць эўрапейскія краіны ўзяць на сябе ўсе выдаткі, зьвязаныя з прысутнасьцю амэрыканскіх баз на іх тэрыторыі. Гаворка можа ісьці ў тым ліку пра Нямеччыну, у якой з часоў халоднай вайны застаецца 21 ваенная база ЗША. Цяпер у гэтай краіне дыслякаваныя трыццаць тысяч амэрыканскіх салдат.
Суразмоўцы Bloomberg настойваюць на тым, што ў выпадку посьпеху перамоваў, Дональд Трамп можа прыехаць зь візытам у Польшчу восеньню, каб урачыста падпісаць пагадненьне аб будаўніцтве амэрыканскай базы. Пры гэтым адна з крыніц выданьня сьцьвярджае, што Польшчы і ЗША застаецца вырашыць перш за ўсё тэхнічныя дэталі, такія як месца дыслякацыі войскаў і колькасьць салдат.
Прадстаўнік прэзыдэнта Польшчы адмовіўся камэнтаваць гэтую інфармацыю выданьню Bloomberg, але пацьвердзіў, што перамовы з ЗША працягваюцца.
У верасьні 2018 году зь першым афіцыйным візытам у Вашынгтон прыбыў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Тады ён прапанаваў Дональду Трампу ідэю будаўніцтва ў краіне амэрыканскай ваеннай базы, якую, на яго думку, можна было б назваць «Форт Трамп». У лютым гэтага года паведамлялася аб значным прагрэсе ў перамовах.
Галоўная мэта прысутнасьці амэрыканскіх войскаў, на думку кіраўніцтваў Польшчы і ЗША — супрацьстаяньне Расеі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе і прадухіленьне магчымасьці ўзброенага нападу з боку Масквы.
На дадзены момант ЗША не валодаюць ваеннымі базамі ні ў воднай краіне былой Варшаўскай дамовы. Пры гэтым амэрыканскія салдаты служаць у Польшчы і краінах Балтыі.