Беларусь і Польшча правядуць дыялёгі на ўзроўні міністраў абароны і па лініі МЗС з нагоды праблемаў, зьвязаных з ідэяй стварэньня на польскай тэрыторыі пастаяннай вайсковай базы ЗША «Форт Трамп».
Пра гэта паведаміў у інтэрвію праграме «Контуры» ў нядзельным этэры тэлеканалу ОНТ старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч.
Сьпікер верхняй палаты парлямэнту наведаў Польшчу на мінулым тыдні. Ён сустрэўся з найвышэйшымі службовымі асобамі суседняй дзяржавы, у тым ліку з прэзыдэнтам Анджэем Дудам.
Паводле Мясьніковіча, падчас сустрэчы з польскім лідэрам ён узьняў тэму стварэньня ў Польшчы вайсковай базы «Форт Трамп». «Польскі бок досыць канструктыўна рэагаваў і запэўніваў на ўзроўні міністра замежных справаў і прэзыдэнта аб тым, што гэта ні ў якім разе не павінна прывесьці да нейкай эскаляцыі напружанасьці, — сказаў Мясьніковіч. — Польскі бок, я мяркую, пачуў нашу занепакоенасьць. Будуць адпаведныя дыялёгі на ўзроўні міністраў абароны і па лініі міністэрстваў замежных справаў».
Адказваючы на пытаньне, ці можа зьвязка Беларусі і Польшчы стаць мостам паміж краінамі Эўразьвязу і NATO зь дзяржавамі Эўразійскага эканамічнага саюзу і АДКБ, Мясьніковіч заявіў: «Польскі бок глядзіць на Беларусь як на партнэра і, сапраўды як на злучальнае зьвяно паміж вялікай Расеяй і Польшчай як часткай Эўрапейскага зьвязу».
«Некаторыя элемэнты мы абгаворвалі — лягістыку, пытаньні, зьвязаныя з палітычнымі кансультацыямі, павышэньне ролі Ўсходняга партнэрства, Вышаградзкай групы, Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы, удзел у перамоўных працэсах. Міністар замежных справаў Польшчы гаварыў пра магчымы візыт вялікай групы міністраў замежных справаў у Беларусь, каб абмеркаваць гэтыя пытаньні», — адзначыў сьпікер верхняй палаты.
У сярэдзіне верасьня 2018 году на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне па выніках перамоваў з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда прапанаваў стварыць на тэрыторыі краіны пастаянную амэрыканскую вайсковую базу. Паводле Дуды, Польшча гатовая выдаткаваць 2 млрд даляраў на стварэньне базы з працоўнай назвай «Форт Трамп». Пытаньне аб стварэньні базы яшчэ ня вырашана, дыскусіі аб гэтым вядуцца дагэтуль, як у польскіх, так і ў амэрыканскіх урадавых колах.