Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку ў Анкары паказалі «турэцкі» трактар «Беларус»


Рэджэп Эрдаган і Аляксандар Лукашэнка
Рэджэп Эрдаган і Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка па выніках перамоваў з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам заявіў, што гэтая сяброўская краіна «зьяўляецца абсалютным прыярытэтам» для Беларусі. Турэцкага лідэра ён нават назваў «дарагі Рэджэп».

«Мы высока цэнім наша сяброўства і нацэленыя на далейшае плённае ўзаемадзеяньне, — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Дарагі Рэджэп, у нас было шмат тэмаў, якія правяралі нашую надзейнасьць. Я ня думаю, што сёньня ты можаш нас у чымсьці папракнуць. Мы заўсёды былі нацэленыя на добрыя адносіны, выконвалі ўсе дамоўленасьці і, калі абяцалі, чаго б нам ні каштавала, заўсёды рабілі. Так будзе і надалей».

На перакананьне Лукашэнкі, беларуска-турэцкія адносіны адкрываюць «новую веху ў сваёй гісторыі».

Прэзыдэнт Турэччыны нагадаў, што некалькі гадоў таму бакі паставілі задачу дасягнуць узроўню тавараабароту 1 млрд даляраў. Летась гэты паказьнік склаў 984 млн. Але цяперашняя мэта — 1,5 млрд даляраў, што, лічыць Эрдаган, цалкам рэальна.

«Добра, што ад простага гандлю мы паступова пераходзім да больш прасунутай формы эканамічнага ўзаемадзеяньня — прамысловай каапэрацыі, — падхапіў далей Лукашэнка. — Зборка трактароў МТЗ у Турэччыне сьведчыць пра нашы сур’ёзныя намеры ў гэтым напрамку. Таму будзем працаваць над аналягічнымі праектамі па іншых відах беларускай тэхнікі».

У індустрыяльнай зоне «Кырыкале» у красавіку быў сабраны першы беларускі трактар, які перад перамовамі прадэманстравалі Аляксандру Лукашэнку. Зборачную вытворчасьць плянуецца пачаць у ліпені.

Для спрашчэньня разьлікаў Лукашэнка прапанаваў стварыць у Беларусі банк з турэцкім капіталам — або набыць беларускі, або ўвайсьці ў капітал ужо існуючай фінансавай структуры.

Абодва кіраўнікі пацьвердзілі, што і ў палітычнай сфэры ня маюць «абсалютна ніякіх рознагалосьсяў», у тым ліку па найважнейшых міжнародных пытаньнях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG