Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні затрымалі пэдафіла, які гвалціў хлопцаў-падлеткаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад дзеяньняў 36-гадовага гарадзенца пацярпелі прынамсі чацьвёра хлопцаў-падлеткаў. Яго затрымалі.

Мужчына знаёміўся з хлопцамі праз інтэрнэт, прапаноўваў сустрэцца — напрыклад, каб абмеркаваць інтымную сфэру або пагутарыць пра тое, як выклікаць палавую цягу. Пры асабістым кантакце з падлеткамі мужчына ўступаў зь імі ў інтымную блізасьць, зьдзяйсьняў гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару насуперак іхняй волі. Пацярпелым хлопцам было менш за 16 гадоў, паведамляецца на сайце УУС Горадзенскага аблвыканкаму.

Мужчыну затрымалі ў ягоным аўтамабілі ў Горадні супрацоўнікі ўпраўленьня наркакантролю і процідзеяньня гандлю людзьмі УУС Горадзенскага аблвыканкаму. Ён акурат зьбіраўся чарговым разам парушыць закон.

У дачыненьні да гарадзенца распачаты шэраг крымінальных спраў. Ён пад вартай.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, якую ў 2018 годзе публікавала Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, за апошнія 5 год колькасьць выкрытых злачынстваў, зьвязаных з пэдафіліяй, у Беларусі павялічылася ў 15 разоў.

80% такіх злачынстваў учыняюць не незнаёмцы, а родзічы або знаёмыя дзяцей, паводле статыстыкі МУС. У міліцэйскіх зводках фігуруюць сваякі ахвяраў (бацька, айчым, дзед), а таксама трэнэры, настаўнікі і нават лекары-пэдыятры.

​У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсьць разьдзел «Злачынствы супраць палавой недатыкальнасьці або палавой свабоды». І артыкулы 166–170 прадугледжваюць пакараньні за сэксуальныя дзеяньні ў адносінах да малалетніх — да 15 гадоў зьняволеньня. Аднак паводле беларускага заканадаўства крымінальны перасьлед пэдафіла пачынаецца толькі пасьля сэксуальнага гвалту над дзіцем.

У 2018 годзе Міністэрства ўнутраных спраў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі прапаноўвалі ўнесьці папраўкі ў заканадаўства — увесьці крымінальную адказнасьць за ўсталяваньне псыхалягічнага кантакту з падлеткамі з мэтай сэксуальных адносін (грумінг) і за захоўваньне бяз мэты распаўсюду дзіцячай парнаграфіі. Пакуль прапановы не праходзяць.

Пэдафілія — гэта хвароба

Паводле Міжнароднай клясыфікацыі хваробаў (МКХ-10), пэдафілія — гэта хвароба, «разлад сэксуальнай схільнасьці» (код F65.4). Дыягназ «пэдафілія» ў асноўным ставяць злачынцам падчас сьледзтва, праводзячы складаныя псыхоляга-псыхіятрычныя экспэртызы. Але гэты дыягназ не вызваляе ад пакараньня і ня можа служыць «зьмякчальнай акалічнасьцю» пры вынясеньні прысуду.

Нямецкія навукоўцы праводзілі дасьледаваньні мозгу пэдафілаў. Аказалася, што часткі мозгу, якія актывізуюцца ў нармальнага мужчыны, калі ён бачыць аголеную жанчыну, у пэдафіла актывізуюцца, калі ён бачыць дзіця.

Вылечыць пэдафілію практычна немагчыма. З дапамогай сэансаў псыхатэрапіі можна толькі навучыць чалавека кантраляваць свае сэксуальныя фантазіі і не чыніць гвалту над дзецьмі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG