Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба дня: 14 чалавек будуць судзіць у Берасьці за пратэсты супраць акумулятарнага заводу


Сход праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці, 7 красавіка, ілюстрацыйнае фота
Сход праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці, 7 красавіка, ілюстрацыйнае фота

Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк сказаў Свабодзе, што на раніцу 15 красавіка ў ізалятары знаходзіцца сама меней 14 чалавек зь ліку пратэстоўцаў супраць акумулятарнага заводу.

9 чалавек затрымалі ў пятніцу, калі яны прыйшлі ў Ленінскі РАУС з позвамі.

«Яшчэ траіх затрымалі падчас акцыі 14 красавіка. І, наколькі мне вядома, дваіх — пасьля акцыі. Такім чынам, атрымліваецца, сама меней 14 чалавек пакінулі ў ізалятары да суду. Вядома, што затрымана было болей, некаторых адпусьцілі. 14 чалавек — гэта тыя, хто цяпер знаходзіцца ў ізалятары», — расказаў Раман Кісьляк.

Чакаецца, што 15 сакавіка затрыманых будуць судзіць за парушэньне закону аб правядзеньні масавых акцыяў.

14 красавіка ў Берасьці адбыўся чарговы пратэст супраць пабудовы акумулятарнага заводу. Ня менш за 200 чалавек сабраліся на плошчы Леніна і прайшлі цэнтральнымі вуліцамі гораду, скандуючы лёзунгі «“Не” — заводу!», «Свабоду!»

Падчас акцыі міліцыянты, супрацоўнікі АМАП выхоплівалі з калёны найбольш актыўных дэманстрантаў. Некаторых людзям удавалася адбіць, аднак потым іх затрымлівалі.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG