Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Машына ў манастыры ніколі не замыкалася», — Майсей Мазько пра справу з патронамі


Майсей Мазько, архіўнае фота
Майсей Мазько, архіўнае фота

Берасьцеец Майсей Мазько лічыць правакацыяй знойдзеныя ў ягонай машыне патроны. Ён расказаў Свабодзе пра абставіны сваёй крымінальнай справы.

62-гадовы Майсей Мазько, а таксама ягоны сын Дзяніс праходзяць у крымінальнай справе аб знойдзеных патронах і рэчыве, падобным да выбухоўкі. Па трое сутак яны правялі ў ізалятары, потым іх адпусьцілі, але крымінальную справу не спынілі.

Майсей Мазько працуе загадчыкам гаспадаркі ў праваслаўным манастыры ў Берасьці. Ён кажа, што яго сям’я вельмі моцна перажывала гэтыя дні.

«Сям’я ў шоку. Яны трое сутак увогуле ня спалі. Цяпер, калі мяне выпусьцілі, сына выпусьцілі, крыху супакойваюцца. Але гэта, безумоўна, шок… Гэта, напэўна, знарок зроблена, каб ня толькі мяне напужаць, але і сям’ю, і сваякоў», — мяркуе Майсей Мазько.

«Гэта правакацыя»

Майсей Мазько кажа, што пакет, які яго папрасілі разгарнуць супрацоўнікі ДАІ, калі спынілі 2 красавіка, ён упершыню бачыў. Але разгарнуў яго на просьбу міліцыянтаў, бо і ня думаў, што там можа быць нешта крымінальнае.

«Калі я разгарнуў той пакет, быў зьдзіўлены. Я адразу зразумеў, што гэта правакацыя. Вядома, праваабаронцы папярэджвалі нас, што розныя падобныя сытуацыі могуць быць. Але мы неяк не зьвярнулі на гэта ўвагу.

Калі мне супрацоўнікі ДАІ паказалі на гэты пакет, я без сумневу яго разгарнуў. І калі ўбачыў, я ўжо зразумеў, што гэта з заводам зьвязана. Я тады яшчэ супрацоўнікам ДАІ вымавіў, што «мэтады, у вас, хлопцы, мярзотныя», — кажа Майсей Мазько.

Паводле яго, знойдзены пакет адназначна падкінулі. Ён тлумачыць гэта тым, што аўтамабіль, на якім ён ехаў, часта стаіць на тэрыторыі манастыра нават не замкнуты.

«Гэты аўтамабіль аформлены на сястру манастыра, выкарыстоўваўся па дабраславеньні ігуменьні як працоўны. Я выконваў на ім службовыя абавязкі. Больш за ўсіх езьдзіў я, але яшчэ некалькі чалавек пры патрэбе езьдзілі. Гэтая машына ніколі ў манастыры не замыкалася. Пакуль я вырашаю пытаньні ў кабінэце, яна стаіць на ўнутранай паркоўцы. Ніколі не было, каб з машыны нешта прапала за 20 гадоў, што я працую», — расказаў Мазько.

«Наш пратэст можа быць толькі мірным»

Майсей Мазько кажа, што ён не зьяўляецца паляўнічым, з рэлігійных перакананьняў супраць любога гвалту.

«Я сьледчым казаў, што апошні раз зброю трымаў, калі выконваў «інтэрнацыянальны абавязак», як нам казалі, у канцы 1970-х у Афрыцы. Служыў на танкеры, суправаджалі караблі Паўночнага флёту. Вось у Анголе апошні раз трымаў зброю ў руках. Гэта быў, здаецца, 1977 год.

Пасьля таго — ніколі. Я не паляўнічы, і ўвогуле, па сваіх рэлігійных перакананьнях я праціўнік любога гвалту ўвогуле. Я перакананы, што наш пратэст можа быць толькі мірным, не павінна быць ніякага гвалту», — тлумачыць Майсей Мазько.

Майсей Мазько кажа, што, седзячы ў ізалятары, ён ня ведаў, што на волі праяўляюць салідарнасьць зь ім, што сотні людзей памянялі аватаркі ў сацыяльных сетках на яго фота з надпісам «Свабоду Майсею Мазько!», што людзі актыўна адпраўляюць паштоўкі яму ў ізалятар.

«Нічога не даходзіла, ніводнай паштоўкі; я нічога ня ведаў, што такая салідарнасьць. Учора па службе ня мог быць зь людзьмі (на акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу. — РС), увечары ў запісе паглядзеў — відаць рэакцыю людзей, абураных, што чалавеку, які змагаецца за экалёгію, падкідаюць патроны, выбухоўку. Я думаю, тыя, хто гэта рабіў, не пралічылі, якая будзе рэакцыя», — кажа Майсей Мазько.

Спадар Мазько мяркуе, што ціск супраць пратэстоўцаў апошнім часам ўзмацніўся.

«Завод для іх — вельмі хворая тэма. Яны павінны яго любым чынам запусьціць. І апошнія падзеі з актывістамі паказваюць, што на нас пайшоў сур’ёзны ціск. Аднаго выпускаюць, наступнага затрымліваюць. І гэта, пэўна, будзе працягвацца», — кажа Майсей Мазько.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG