14 сакавіка старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс заявіў на брыфінгу, што пытаньне аб стварэньні такой групы прапрацоўваецца, нагадвае агенцтва БелаПАН.
29 сакавіка паведамленьне пра стварэньне групы разьмешчанае на сайце Берасьцейскага аблвыканкаму.
У паведамленьні гаворыцца, што ў склад групы ўвайшло 10 чалавек. Гэта прадстаўнікі
- свабоднай эканамічнай зоны «Берасьце», дзе будуецца завод
- абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя абласной лябараторыі аналітычнага кантролю Рэспубліканскага цэнтру аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя
- Палескага аграрна-экалягічнага інстытуту Нацыянальнай акадэміі навук,
- Берасьцейскага райвыканкаму
- галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы і па справах моладзі
- галоўнага ўпраўленьня юстыцыі аблвыканкама; прадпрыемства «Брэстводаканал».
Ад грамадзкасьці членам групы стаў дацэнт катэдры інжынэрнай экалёгіі і хіміі Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Сяргей Басаў.
У паведамленьні на сайце аблвыканкаму адзначаецца, што прапанову ўвайсьці ў склад групы атрымалі старшыня ініцыятыўнай групы па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму ў Берасьцейскім раёне Ірына Сіліцкая і юрыст, праваабаронца Раман Кісьляк «з мэтай максымальна апэратыўнага і аб’ектыўнага інфармаваньня грамадзкасьці аб выніках праведзеных маніторынгаў і прынятых групай рашэньнях».
«Нягледзячы на дэкляраваную заклапочанасьць пытаньнямі экалёгіі і наступствамі будаўніцтва акумулятарнага заводу, Сіліцкая і Кісьляк адмовіліся ўвайсьці ў склад групы», — адзначаецца ў паведамленьні.
Як заявіў Раман Кісьляк, ён ня бачыць сэнсу ўваходзіць у гэту групу. «Мы дамагаемся, каб гэты завод наогул не працаваў, а нам прапануюць назіраць, як ён будзе атручваць наш рэгіён», — сказаў праваабаронца.
Зацьверджаны графік экалягічнага маніторынгу, якім прадугледжана правядзеньне штомесячных дасьледаваньняў паветра, глебы, вады пітной (першы тыдзень месяца), паветра, глеб, сьцёкавых вод (трэці тыдзень месяца).
Вынікі дасьледаваньняў «будуць апэратыўна прадстаўлены насельніцтву вобласьці з дапамогай электронных, друкаваных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў».
Пры выяўленьні вынікаў дасьледаваньня, якія не адпавядаюць патрабаваньням заканадаўства, «неадкладна будуць прымацца кіраўніцкія рашэньні ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку», гаворыцца ў паведамленьні..
31 кастрычніка 2018 году прэм’ер-міністар Сяргей Румас заявіў, што асьцярогі наконт будаўніцтва заводу крыху перабольшаныя.
20 лютага 2019 года падчас прэс-туру галоўны інжынэр прадпрыемства Сяргей Дубнавіцкі паведаміў, што выпуск досьледнай партыі акумулятараў заплянаваны на сакавік гэтага году.
Грамадзкая кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 году. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзеньне ў Берасьці і Берасьцейскім раёне 83 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу», на які сабралася каля дзьвюх тысяч чалавек.
Праціўнікі завода зьбіраюцца з 25 лютага 2018 году кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасьці.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.