Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа заявіў, што Расея прысутнічае ў Вэнэсуэле як «варожая сіла» насуперак волі законных уладаў Вэнэсуэлы.
У інтэрвію пуэртарыканскаму тэлеканалу Mega TV Пампэа назваў «інтэрвэнцыяй» і «відавочнай правакацыяй» перавод у Вэнэсуэлу расейскіх вайскоўцаў.
Злучаныя Штаты не прызнаюць легітымнасьць прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура, якога падтрымлівае Расея. Паводле ЗША, законны лідэр Вэнэсуэлы — кіраўнік парлямэнту Хуан Гуайдо. Пампэа заявіў, што ЗША будуць дабівацца сыходу Мадура і «аднаўленьня дэмакратыі» ў Вэнэсуэле. Ён ня выключыў, што для гэтага могуць спатрэбіцца і вайсковыя захады.
Большая частка лацінаамэрыканскіх краінаў прызнала Гуайдо легітымным кіраўніком дзяржавы. Аднак амаль за тры месяцы ад часу, як Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам, да яго так і не перайшла рэальная ўлада ў краіне.
Каля 100 расейскіх вайскоўцаў прыбылі ў Вэнэсуэлу ў мінулым месяцы. У Маскве і Каракасе заявілі, што яны будуць удзельнічаць у рэалізацыі пагадненьняў пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва. У ЗША гэты крок Масквы рэзка асудзілі.