Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заклікаў ануляваць вынікі муніцыпальных выбараў у Стамбуле. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на праўрадавыя турэцкія СМІ.
Згодна з законам, з выбарчымі скрынямі павінны працаваць дзяржаўныя службоўцы. У Стамбуле на некаторых выбарчых участках, па дадзеных Эрдагана, гэтае патрабаваньне не было выкананае.
У Стамбуле на выбарах мэра, паводле папярэдніх дадзеных, перамогу атрымаў кандыдат ад апазыцыйнай Народна-рэспубліканскай партыі Экрэм Імамаглу. Ён на дзьве дзесятых працэнта абышоў Біналі Йылдырыма — былога прэм’ер-міністра Турэччыны і кандыдата ад кіруючай Партыі справядлівасьці і разьвіцьця. Яе ўзначальвае Рэджэп Эрдаган. У Анкары кандыдат ад апазыцыі Мансур Яваш набраў больш за 50 працэнтаў галасоў. За прадстаўніка кіруючай партыі Мехмэта Азхасекі прагаласавалі крыху больш за 47 адсоткаў выбарнікаў.
Муніцыпальныя выбары ў Турэччыне прайшлі 31 сакавіка. У іх прынялі ўдзел каля 57 мільёнаў грамадзянаў. 7 красавіка кіруючая партыя накіравала ў цэнтральную выбарчую камісію хадайніцтва аб правядзеньні паўторных выбараў мэра Стамбула.