Пра гэта паведаміла агенцтва БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу кіраўніка Беларусі.
У расейскім курорце Сочы адбываюцца перамовы прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Заўтра ў Сочы пройдзе трохбаковая сустрэча прэзыдэнтаў Расеі, Ірану і Турэччыны па Сырыі.
«Дзякуй вам за запрашэньне перагаварыць з нашымі калегамі, якія будуць заўтра ў вас па важных міжнародных праблемах» — адказаў Лукашэнка на запрашэньне Пуціна.
Кіраўнік Беларусі выказаў упэўненасьць, што сустрэчы сёньня і ў наступныя дні будуць вельмі карысныя для беларуска-расейскіх адносін. Яе паведамлялася, перамовы лідэраў Беларусі і Расеі працягнуцца да пятніцы.
Лукашэнка таксама адзначыў, што падчас яго візыту ў Расею будзе магчымасьць пагаварыць не толькі па пытаньнях эканомікі, але і па гуманітарнай тэматыцы.
Як паведамляе прэсавая служба беларускага кіраўніка, «графік знаходжаньня Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы прадугледжвае магчымасьць і для невялікага адпачынку».
«Дзякуй за тое, што запрасілі. Таму што мы часам замыкаемся ў рамках уласных праблем і з боку не бачым, што адбываецца. Вы правільна сказалі, што можна гадзіну-другую знайсьці для таго, каб перадыхнуць. Я гэтым скарыстаўся з раніцы. Дзякуй за трасы, якія былі падрыхтаваныя. І суправаджаючыя асобы, якія разам са мной прыехалі, вельмі задаволеныя былі» — сказаў Лукашэнка.
«Для мяне гэта родны дом. Я ехаў па новай дарозе ўчора позна ўвечары і прыгадаў тую цяжкую савецкую трасу, па якой мы перасоўваліся. Страшна было глядзець уніз. Сёньня гэта зусім іншы курорт, іншая тэрыторыя. І я рады, што ў свой час беларусы пабудавалі тут свой дом. У нас тут два гатэлі, асабнякі, якія запоўненыя турыстамі, і працуем не на страту» — адзначыў Лукашэнка.
Пасьля завяршэньня сёньняшніх перамоваў з удзелам чальцоў дэлегацый Лукашэнка і Пуцін разам выправіліся на адну з сочынскіх гарналыжных трасаў, паведаміла прэсавая служба прэзыдэнта Беларусі.