Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША спыняюць пастаўкі ў Турэччыну абсталяваньня для зьнішчальнікаў F-35


F-35 узьлятае з палубы дэсантнага карабля «Амэрыка»
F-35 узьлятае з палубы дэсантнага карабля «Амэрыка»

Абароннае ведамства ЗША паведаміла аб спыненьні Вашынгтонам паставак абсталяваньня Турэччыне для зьнішчальніка F-35. Гэта першы практычны адказ на рашэньне Анкары пачаць у кастрычніку разгортваньне расейскіх зэнітна-ракетных комплексаў С-400.

Турэччына заключыла кантракт з Расеяй на пастаўку С-400 у 2017 годзе. Пры гэтым у канцы мінулага году Анкара таксама набыла ў ЗША комплекс ракет Patriot на суму 3 з паловай мільярды даляраў.

Прадстаўнікі ЗША і NATO неаднаразова папярэджвалі Турэччыну, што расейская ракетная сыстэма ня можа быць інтэграваная ў паветраную і супрацьракетную абарону NATO. Вашынгтон спрабаваў пераканаць Анкару адмовіцца ад зьдзелкі на карысьць амэрыканскай супрацьракетнай сыстэмы Patriot, зазначаючы, што купля зброі ў Расеі можа прывесьці да санкцый супраць Турэччыны. Аднак турэцкія ўлады настойвалі, што амэрыканскія зэнітна-ракетныя комплексы не зьяўляюцца заменай расейскім С-400.

Паводле крыніц у Пэнтагоне, амэрыканскія вайскоўцы асьцерагаюцца, што ў выніку выкарыстаньня супрацьпаветраных комплексаў С-400 Турэччынай Расея зможа атрымаць інфармацыю, як распазнаваць у паветры амэрыканскія зьнішчальнікі-невідзімкі.

Спыненьне паставак запасных частак і эксплюатацыйнай дакумэнтацыі да заплянаванай пастаўкі ў Турэччыну F-35 у чэрвені ёсьць першым крокам да магчымай адмены продажу самалёта, які яшчэ ня быў дастаўлены Турэччыне. Законапраект аб адмове ад экспарту F-35 у Турэччыну быў унесены на мінулым тыдні ў амэрыканскі Сэнат. Згодна з гэтым дакумэнтам, угода ў продажы самалётаў адбудзецца, толькі калі Анкара адмовіцца ад закупкі расейскіх супрацьракетных сыстэм. Агенцтва Reuters паведаміла на мінулым тыдні, што Вашынгтон разглядае пытаньне аб тым, ці зможа выключыць Турэччыну з цыклу вытворчасьці F-35. Яна вырабляе часткі фюзэляжа, шасі і кабіны самалёта.

Мяркуецца, што рашэньне ЗША з нагоды F-35 ускладніць візыт міністра замежных спраў Турэччыны Мэўлюта Чавушаглу ў Вашынгтон на гэтым тыдні для ўдзелу ў саміце NATO. Перад пачаткам саміту Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што адносіны NATO з Расеяй будуць займаць галоўнае месца ў парадку дня сустрэчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG