Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі прэзэнтавалі фільм пра рэпрэсаванага архітэктара Шабунеўскага


Марыя Булавінская
Марыя Булавінская

У Гомлі на курсах «Мова нанова» прадставілі дакумэнтальны фільм «Рэпрэсаваная архітэктура». Стужка прысьвечаная таленавітаму архітэктару Станіславу Шабунеўскаму і ягонай спадчыне. Будынкі Шабунеўскага стварылі адметнае аблічча Гомля ў даваенны час. Архітэктар быў рэпрэсаваны і, напэўна, расстраляны ў 1937 годзе.

Аўтары 40-хвіліннага фільму — архітэктар Сяргей Ляпін і гісторык і журналістка Марыя Булавінская. Над стужкай яны працавалі каля году. Дапамагалі ў стварэньні фільму 3D-візуалізатары, культуролягі, мастак і гісторыкі.

На прэзэнтацыю фільма прыйшлі каля сотні гамельчукоў
На прэзэнтацыю фільма прыйшлі каля сотні гамельчукоў

Ідэя праекту — апавесьці пра лёс таленавітага творцы і яго спадчыны, стварыць у 3D і паказаць будынкі, якія спраектаваў Станіслаў Шабунеўскі. Аўтары фільму знайшлі ў віленскіх архівах пляны гомельскіх будынкаў, якія спраектаваў славуты архітэктар.

«Часткова гэтыя будынкі захаваліся. Але пасьля вайны яны былі зьмененыя ці перабудаваныя да непазнавальнасьці. Паўз іх мы ходзім штодзень і ня ведаем, што яны маюць дачыненьне да славутага архітэктара», — зазначыла Марыя Булавінская.

Нечаканым адкрыцьцём падчас працы над фільмам стала тое, што бабруйскі касьцёл пабудаваны па праекце Станіслава Шабунеўскага. Аўтары стужкі разглядалі альбом паплечніка архітэктара са старымі здымкамі, сярод якіх убачылі від на нейкі горад з вышыні птушынага палёту. Гэта быў Бабруйск. Здымак быў зроблены са званіцы касьцёла. Зьявілася здагадка, што аўтар праекту культавага будынка — Станіслаў Шабунеўскі. Пацьверджаньне вэрсіі знайшлі ў польскай газэце за 1903 год.

У 60-х савецкія ўлады зьнішчылі званіцу касьцёла і забудавалі яго безгустоўным 5-павярховым будынкам. У такім стане храм дагэтуль. Цяпер за аддзяленьне касьцёла ад будынка савецкага часу змагаюцца вернікі. Ранейшы выгляд храма адноўлены ў 3D і ўключаны ў стужку.

«Мы ведаем хіба толькі палову праўды пра лёс архітэктара. Па ранейшай інфармацыі, ён быў рэпрэсаваны ў 1931 годзе і памёр ці загінуў у 1937 годзе. Цяпер у нас ёсьць інфармацыя, што Станіслаў Шабунеўскі ў сярэдзіне 30-х гадоў быў амніставаны. Але ў 1937 годзе за ім зноў прыйшлі з НКУС і расстралялі — у Гомлі ці Менску. Пакуль мы гэтага ня ведаем дакладна, бо архівы КДБ закрытыя для нас», — дадала Марыя Булавінская.

Сяргей Ляпін
Сяргей Ляпін

Сяргея Ляпіна падчас працы над праектам уразіла «расшыфроўка» тых аб'ектаў архітэктара, якія захаваліся часткова ці ўвогуле былі зьнішчаны часам і людзьмі.

«Каб пракруціць 12 сэкундаў гэтае хараство ў 3D, трэба было два ці тры месяцы разгадваць па цаглінцы сыстэму дэкору. Падчас гэтай працы можна адчуць, як сам Шабунеўскі больш за стагодзьдзе таму ствараў гэты праект, прадумваў прапорцыі, дэкор. Гэта вельмі цікава», — зазначыў архітэктар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG