Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зносіў Трактарагорад, захаваў Асмалоўку. Чым вызначыўся арыштаваны галоўны архітэктар Менску


 Знос старых будынкаў у раёне Трактарнага заводу ў Менску, архіўнае фота
Знос старых будынкаў у раёне Трактарнага заводу ў Менску, архіўнае фота

Кіраўнік камітэту архітэктуры і будаўніцтва Менскага гарвыканкаму Павал Лучыновіч затрыманы, яго падазраюць у атрыманьні хабару ў памеры 4 тысячы даляраў. Свабода прыгадала, чым ён запомніўся за 4 гады на сваёй пасадзе.

Імклівая кар’ера

Павал Лучыновіч нарадзіўся ў Менску, скончыў архітэктурны факультэт БНТУ у 2000 годзе, працаваў начальнікам аддзелу архітэктуры ў адміністрацыі Ленінскага раёну Менску, узначальваў горадабудаўнічы аддзел у камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму, пазьней узначаліў гэты камітэт.

Лучыновіча прызначылі адказным за архітэктуру і будаўніцтва ў Менску ў лютым 2015 году, калі генэральны плян гораду быў ужо прыняты. Лучыновічу давялося яго рэалізоўваць.

Не бярог зялёныя зоны Менску

Пры Лучыновічу працягваўся наступ на зялёныя зоны ў Менску. У 2016 годзе ў сквэры Котаўка зьбіраліся збудаваць касьцёл, праект якога ўзгадняў Лучыновіч. Але мясцовым жыхарам і актывістам удалося адстаяць гэты сквэр.

Таксама пры Лучыновічу па частках пачалі адразаць зялёныя зоны на Грушаўцы, успамінае каардынатар ініцыятывы «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў:

«Праблему з паркамі і сквэрамі Лучыновіч не вырашыў ніякім чынам. Летась распрацавалі схему зялёных тэрыторый агульнага карыстаньня, але не ўключылі туды львіную долю зялёных зонаў», — кажа Дзяніс Кобрусеў.

Не шанаваў старыя кварталы

Пры Паўлу Лучыновічу два старыя кварталы Менску зьбіраліся зносіць: Трактарны пасёлак і Асмалоўку.

Асмолаўка
Асмолаўка

«Пры ім над тым ці іншым помнікам навісала пагроза. Трактарны пасёлак пры Лучыновічу пачалі зносіць. Але Асмалоўку ўдалося захаваць», — нагадвае Дзяніс Кобрусеў.

Пад знос ужо трапілі 11 будынкаў у раёне вуліц Клумава, Шчарбакова і Чабатарова ў Трактарным пасёлку.

Пад націскам грамадзкасьці пляны зносу Асмалоўкі былі спыненыя.

Асмолаўка
Асмолаўка

Знос старых будынкаў у раёне Трактарнага заводу ў Менску
Знос старых будынкаў у раёне Трактарнага заводу ў Менску

На канфрантацыю з грамадзкасьцю не ішоў

Павал Лучыновіч асабіста амаль ня ўдзельнічаў у грамадзкіх абмеркаваньнях, зьвязаных з новымі будоўлямі: іх праводзілі кіраўнікі раённых архітэктурных аддзелаў, якія ні на што не ўплывалі, кажа Кобрусеў.

Але на канфрантацыю з грамадзтвам Павал Лучыновіч усё ж ня ішоў.

«Ён ніколі не займаў адназначна цьвёрдую пазыцыю. Было шмат праектаў дэталёвага плянаваньня, якія адхіляліся ці былі накіраваныя на дапрацоўку. Напрыклад, не пачалі забудоўваць тэрыторыю за „брамай Менску“. Праект забудовы Асмалоўкі менавіта Лучыновіч адклаў на доўгі тэрмін. Пераглядаўся праект забудовы Зялёнага Луга».

Гэтую асаблівасьць былога галоўнага архітэктара сталіцы Кобрусёў ставіць у плюс.

Не кантактаваў з журналістамі

Падчас кіраўніцтва Паўла Лучыновіча камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва амаль не кантактаваў з журналістамі. Усе пытаньні ў ведамства даводзілася накіроўваць як пісьмовыя запыты, на якія нячаста прыходзілі канкрэтныя адказы. Наўпрост зьвязацца з кіраўніцтвам ці супрацоўнікамі было складана.

«У сучасным сьвеце такая камунікацыя выглядае зусім састарэлай», — кажа Дзяніс Кобрусеў.

Цяпер Павал Лучыновіч знаходзіцца пад вартай, яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG