Асуджаны распаўсюджваў відэаролікі, у якіх усхваляецца перавага расейцаў над іншымі нацыянальнымі групамі.
34-гадовы магілёвец асуджаны за распальваньне нацыянальнай і расавай варожасьці абмежаваньнем волі на 2 гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (так званая «хатняя хімія»). Прысуд абвінавачанаму агучылі 9 красавіка.
За што судзілі
На сваёй старонцы «УКантакце» ён апублікаваў і захоўваў матэрыялы са сцэнамі прапаганды і заклікамі да гвалтоўных дзеяньняў. У большасьці відэаролікаў і графічных выяў усхваляецца імпэрская веліч Расеі і перавага расейцаў над іншымі нацыянальнымі групамі. Сярод публікацыяў ёсьць і тыя, што прапагандуюць ідэі нацызму.
Паводле сьледзтва, абвінавачаны ведаў пра зьмест матэрыялаў і наўмысна іх захоўваў у адкрытым доступе, каб прыцягнуць найбольшую ўвагу.
26 ліпеня 2018 году відэаролікі, якія фігуруюць у справе, пастановай Ленінскага суду Магілёва прызнаныя экстрэмісцкімі. Абвінавачаны разьмясьціў іх паміж 2010 і 2013 гадамі, але яны заставаліся даступнымі для прагляду, пакуль 11 красавіка 2018 году не былі выдаленымі супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Што апублікаваў абвінавачаны і якая ацэнка экспэртаў
- «Молотх» — «Ведьминский туман». Відэа з нэгатыўнай ацэнкай груп асобаў, аб’яднаных паводле нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасьці.
- «Яровит» — «Мы здесь». Відэа зьмяшчае выказваньні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да варожых гвалтоўных дзеяньняў да груп асобаў, аб’яднаных паводле нацыянальнай прыкметы.
- Nordfront — «Auf, auf Kamerad» пераклад на расейскую мову зь нямецкай. Відэа з заклікамі да гвалтоўных дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды адной групай асобаў другой.
- Графічныя выявы з тэкставым суправаджэньнем. Прапагандуюць нацысцкую і нэанацысцкую ідэалёгію і яе сымболіку, а таксама заклікаюць да гвалтоўных дзеяньняў з нэгатыўнай ацэнкай прадстаўнікоў груп, аб’яднаных паводле нацыянальнай і рэлігійнай прыкметаў.
Пазыцыя падсуднага
Сам абвінавачаны тлумачыў свае дзеяньні «часовай азлобленасьцю на прадстаўнікоў каўкаскай нацыянальнасьці», якія яго 8 гадоў таму пабілі. Таксама даводзіў, што ня ведаў пра адказнасьць за распаўсюджаныя матэрыялы і больш не падтрымлівае нацыяналістычных поглядаў». Сваю віну прызнаў і раскаяўся.
Падчас сьледзтва знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд. Крымінальную справу супраць яго распачалі ў жніўні 2018 году.