Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадзім Дзевятоўскі: Мы не запрашалі расейскага актора, які страляў на пазыцыях ДНР


Архіўнае фота. Міхаіл Парэчанкаў
Архіўнае фота. Міхаіл Парэчанкаў

Старшыня Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі абверг інфармацыю пра запрашэньне расейскага актора Міхаіла Парэчанкава на адкрыцьцё міжнароднай матчавай сустрэчы юніёрскіх зборных.

Партал Tut.by паведаміў, што Фэдэрацыя лёгкай атлетыкі запрасіла на турнір актора, які страляў з кулямёта на баявой пазыцыі ў самаабвешчанай ДНР.

Паведамленьне пра гэта было разьмешчана на старонцы фэдэрацыі ў фэйсбуку. Фатаздымак Парэчанкава суправаджаў подпіс: «Міхаіл Парэчанкаў вітае ўсіх спартоўцаў, якія возьмуць удзел у Міжнародным лёгкаатлетычным матчы сярод юніёраў. Мы вітаем Міхаіла на беларускай зямлі!».

Пад гэтай публікацыяй зьявіліся абураныя камэнтары чытачоў.

Пазьней гэты поcт быў выдалены.

«Гэта непаразуменьне, бо, натуральна, Парэчанкава ніхто не запрашаў, гэта зразумела. Таксама мы ўжо ўсё напісалі наконт гэтага ў сацыяльных сетках. Гэта канкрэтны фэйк, проста глупства», — сказаў карэспандэнту Свабоды Вадзім Дзевятоўскі.

У 2014 годзе Міхаіл Парэчанкаў наведаў самаабвешчаную Данецкую народную рэспубліку. Шырокі рэзананс выклікалі відэакадры, дзе Парэчанкаў у касцы з надпісам «Прэса» страляе з буйнакалібэрнага кулямёта, знаходзячыся на адной з баявых пазыцый сіл ДНР у данецкім аэрапорце. Пасьля гэтага ва Ўкраіне на актора завялі крымінальную справу. Па вэрсіі кіраўніка МУС Украіны, Парэчанкаў «асабіста ўзяў удзел у абстрэле падразьдзяленьня ўкраінскіх Узброеных сіл».

«Маладыя спэцыялісты ў прэс-службе, у сацыяльных сетках нават паняцьця ня мелі, што такія могуць быць меркаваньні пра актора. Яны яго ўспрымалі проста як актора. Ён праходзіў побач, і яго папрасілі, каб ён прывітаў удзельнікаў спаборніцтваў. Яны яго проста ведалі як вядомага актора, ня ведаючы пра яго нейкія дзеяньні, якія былі фэйкам ці не, гэта ўжо трэцяе пытаньне. Мы зрабілі ўжо заяву наконт гэтага, гэта проста зьбег абставінаў», — сказаў Вадзім Дзевятоўскі.

Вадзім Дзевятоўскі яшчэ раз паўтарыў, што Парэчанкава ніхто не запрашаў, маўляў «як лёгкая атлетыка можа запрашаць актора?».

Паводле Дзевятоўскага, Парэчанкаў жыве ў тым жа гатэлі, дзе жывуць атлеты і дзе месьціцца акрэдытацыйны цэнтар. Ён сказаў, што пост у сацыяльных сетках будзе выдалены і там зьявіцца тлумачэньне наконт сытуацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG